Аляксей Арастовіч: Украінская дэлегацыя патрабуе вывядзення ўсіх расейскіх войскаў
Першыя перагаворы Украіны і Расеі стартавалі па ініцыятыве Расеі без папярэдніх умоў. Асноўныя патрабаванні ўкраінскай дэлегацыі – вывад войскаў РФ з Украіны і спыненне агню.
Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч у эфіры „Настоящего времени”.
„Пазіцыя наша прыкладна зразумелая – ніякіх умоў і ультыматумаў. Таму што расейскі бок хацеў з гэтага боку зайсці, што было вельмі смешна”, – сказаў Арастовіч.
На ўдакладняючае пытанне, што менавіта мае на ўвазе прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта, Арастовіч адказаў: „вы там, тыпу, капітулюйце, а потым мы будзем з вамі размаўляць”. Мы пасмяяліся ад душы ў Офісе і першы раз адмовілі у перамовах. Вось, калі яны ў другі раз папрасілі, (а сам факт таго, што яны першымі просяць нас аб перамовах, шмат аб чым кажа, на мой погляд) і паабяцалі зняць усе ўмовы – мы пагадзіліся”.
Арастовіч падкрэсліў, што асноўныя ўмовы Украіны зразумелыя не толькі Расеі, а і ўсяму свету – спыненне агню і вывад усіх расейскіх войскаў. Пры гэтым на просьбу вядучай удакладніць, ці ідзе размова аб вывадзе войскаў з Данбаса, Арастовіч адказаў:
„Аб Данбасе і аб Крыме. Усіх войскаў з тэрыторыі Украіны. Усё роўна пахаваем усіх. Лепш сысці добраахвотна. Вы не ўяўляеце, што тут робіцца. У нас больш за 100 тысяч рэзервістаў сталі ў строй”.
У той жа час у каментары УНІАН Арастовіч удакладніў, што гэта ягонае асабістае меркаванне, а не афіцыйная пазіцыя Украіны.