У Гародні адкрылася філатэлістычная выстава, прысвечаная ровару
“Не выдумляй ровара” – пад такой назвай адкрылася ў Гародні міні-выстава філатэліста Андрэя Мялешкі. У офісе грамадскага аб’яднання „ВелаГродна” выставу можна пабачыць цэлы месяц. Што натхніла да збору гэтай калекцыі, кажа аўтар выставы:
– Самым цікавым экспанатам на гэтай выставе з’яўляецца старая гарадзенская паштоўка, якая была адпраўлена з гарадзенскага велазавода яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя. Сам я цікаўлюся роварным рухам вельмі даўно, гадоў 7-8 удзельнічаю ў невялікім аматарскім аб’яднанні, якое падарожнічае роварам па Гарадзеншчыне. 16-ці старонкавая экспазіцыя паказвае, як можна выкарыстоўваць ровар. Ён можа служыць як сродак перасоўвання, можа служыць вела-рыкшай, можа быць спартовым і паштовым, бывае на двух, ці на трох колах.
Тэма раўнапраўя роварнага руху з аўтамабільным у Беларусі вельмі актуальная, асабліва з пачаткам вясны. Паводле Андрэя, тэма ровараў у філатэліі – гэта толькі пачатак збораў. Праз месяц яго роварная калекцыя прыме ўдзел у агульнанацыянальнай філатэлістычнай выставе ў Менску.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя