Жыхарка Чарнігава: Мы скансалідаваліся ў адзіны арганізм



На сувязі з Беларускім Радыё Рацыя – Чарнігаў. У нашым эфіры – спадарыня Вольга. Якая сітуацыя зараз у Чарнігавае? Вельмі хочам пачуць, што ў вас усё добра і спакойна.

Вольга: Я б таксама хацела спакойнага, шчаслівага дня. Аднак, на жаль, не спакойна. Дзесьці паўтары гадзіны таму былі абстрэлены “градамі” два вялікія мікрараёны. У раёне, дзе я жыву, зараз ціха. Зараз перапынак паміж сірэнамі, таму я з вамі зараз магу паразмаўляць.  

Абстрэл Чарнігава, фота: facebook.com/MNS.GOV.UA

РР: Колькі сірэнаў сёння было? Як гэта выглядае?

Вольга: Гэта вельмі цяжка. Сірэны гучаць на вуліцы і ў нас увесь час працуе радыё. І з радыё таксама паведамляюць: “Увага! Увага!..” І гэта вельмі ўплывае на псіхіку, на настрой. Аднак радыё нельга выключаць, бо там гучыць карысная інфармацыя. Сірэны бываюць і раз на паўгадзіны, пасля перапынак на дзве гадзіны. А бывае перапынак на пяць хвілін і ізноў сірэна. Тут немагчыма спланаваць нават, каб есці прыгатаваць. Бо як толькі сірэна, мы адразу выключаем газ, электрапрыборы. Заўжды ў тонусе зараз.

РР: Ці ёсць інфармацыя, як увогуле сітуацыя выглядае ў горадзе?

Вольга: Налёты на вялікія мікрараёны, шмат зруйнаваных мірных будынкаў. Наш горад невялікі, ён такі як Беласток. То калі за два кіламетры гасяць з “градаў”, мой мікрараён таксама скаланаецца. Таксама праходзяць вулічныя баі, бо чуваць стрэлы з калашнікавых.

РР: Вы скансалідаваліся з суседзямі, сябрамі?

Вольга: Скансалідаваліся ў адзіны арганізм. У нас зараз няма паняцця свой – чужы. Людзям сталага веку, якія не могуць пайсці ў аптэку, не могуць купіць сабе ежу, звычайна ў нас такая ўзаемадапамога. І вельмі баявы настрой, бо мы робім усё магчымае для абароны свайго горада.

РР: Вядома, што Чарнігаў мяжуе з Беларуссю. Ёсць інфармацыя, што ляцяць снарады з Беларусі. Я спадзяюся, што ўкраінцы, якія жывуць у Чарнігаве, не ўсіх беларусаў асацыююць з агрэсарамі. Бо для нас гэта вельмі важнае пытанне – тлумачыць людзям, што ёсць рэжым Лукашэнкі, а ёсць беларусы, якія ўсім сэрцам з Украінай.

Вольга: Я раблю ўсё, што ў маіх сілах. Я публікую пасты ў фэйсбуку. Заклікаю людзей, якія, магчыма, не разумеюць, да таго, што ёсць свядомыя беларусы, а ёсць – лукашысты. І каб была выразная градацыя, хто такія беларусы – братні, дружалюбны да нас народ, і хто такія лукашысты. Таму я маю надзею на тое, што ўсё ж такі маё слова даходзіць.

РР: Слава Украіне!

Вольга: Героям слава! Жыве Беларусь!

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя