Магілёўскі гарвыканкам забараніў пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі



«Мэтай пікету было ў прыватнасці падтрымаць кіраўніка дзяржавы ў прыняцці закону аб дармаедах, у вылучэнні яго на пяты прэзідэнцкі тэрмін», – паведаміў актывіст незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі:

– Была такая прапанова – звярнуцца ў гарвыканкам з прапановай, каб правесці пікет у падтрымку Лукашэнкі і вылучэнні яго на Нобелеўскую прэмію міра, бо ён з’яўляўся міратворцам па ўсталяванні міру ва Украіне. Чыноўнікі – гэта і ёсць таемная “пятая калона”, якая перашкаджае волевыяўленню грамадзянаў.

«Пад заяўкай на правядзенне пікету на плошчы Леніна падпісаліся як шэраговыя грамадзяне, так і актывісты „Белай Русі“ і БРСМ. Былі і гэтак званыя „дармаеды“ – беспрацоўныя.

Аднак чыноўнікі не падтрымалі і забаранілі пікет, спаслаўшыся на тое, што месца для яго правядзення не дазволена гарвыканкамам».

Паводле слоў Паўлоўскага, чыноўнік з гарвыканкаму адзначыў, што масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца на ўскрайку Магілёва – на стадыёне «Хімік».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя