У Гародні адкрылася выстава памяці Сяргея Стомы
У гарадзенскай выставачнай зале адкрылася выстава памяці мастака Сяргея Стомы. Для многіх гараденцаў Сяргей быў не толькі графікам, але і майстрам тату, адмыслоўцам па аэраграфіі. Ён маляваў макеты для гарадзенскіх кавалёў і вялікія праекты па афармленні будынкаў. Але год таму, у траўні 2014, майстра не стала, і арганізатары сабралі працы па ўсім горадзе, а таксама прывезлі яго творы з прыватных калекцый з-за мяжы, каб паказаць іх гараденцам. Пра свайго калегу распавядае гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч:
– Калі не ўлічваць, што ён быў суседам па майстэрні, даволі часта забягаў на каву, ён быў, без перабольшвання, геніяльным мастаком. Усё, чым бы ён не займаўся, а яго зацікаўленні палягалі ў шматлікіх кірунках мастацтва, усё ён рабіў вельмі лёгка, непрымушана, і атрымлівалася ў яго вельмі добра.
На выставе можна было пабачыць не толькі прадстаўленыя працы, але і паглядзець невялічкі відэасюжэт пра працы мастака, а таксама была створана своеасаблівая сцяна, на якой прысутныя пакідалі ўспаміны пра творцу. Выстава будзе працаваць напрацягу бліжэйшых трох тыдняў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя