На беларуска-польскай мяжы беларусы зладзілі антываенную акцыю ў падтрымку Украіны



Беларусы, якія зараз жывуць у Польшчы, зладзілі на памежным пераходзе „Варшаўскі мост” антываенную акцыю ў падтрымку Украіны, якая зараз церпіць ад уварвання расейскай арміі і мужна трымае абарону.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас акцыі адзначыў, што калі б беларусы перамаглі дыктатарскі рэжым ў 2020 годзе, то ім зараз не прыйшлося б шукаць апраўдання перад украінскім народам за ваенную агрэсію з тэрыторыі Беларусі:

-Мы павінны адзін перад адным адказаць на пытанне: ці мы хочам вайны?  Я перакананы, што – не! Кожны, хто прыехаў сюды, прыехаў менавіта з першай думкай, вельмі важнай і галоўнай, што мы супраць вайны. Супраць таго, каб у Беларусі таксама была агрэсія ў адносінах да братняга ўкраінскага народа. Да братняй Украіны. Мы разумеем, што адказнасць за гэта бяруць два дыктатары – Пуцін і Лукашэнка.

У акцыі ўдзельнічалі беларусы не толькі з Варшавы, але і з іншых гарадоў Польшчы. Гаворыць прадстаўнік беларускай дыяспары з Беластоку Ян Абадоўскі:

Беларуская дыяспара Беластока вельмі актыўна падтрымала гэты пратэст. Мы паехалі на 6-ці машынах. Сам выезд на мяжу – гэта прыгода. Таму што тут стаіць вельмі шмат блок-пастоў. Але мы ўсе праехалі. На мяжы былі беларусы з розных гарадоў Польшчы, якія пратэставалі супраць вайны і выказвалі сваю салідарнасць з украінскім народам.

РР: Як багата сабралася людзей і якая геаграфія людзей, якія сабраліся на мяжы?

Ян Абадоўскі: З 12-й і да 16.30 было вельмі шмат людзей. Некаторыя стаялі з раніцы, некаторыя прыязджалі і ад’язджалі, таму цяжка палічыць. Але ўсе, хто мог, прыехалі. Калі казаць пра геаграфію, была Варшава, Беласток, Уроцлаў і шмат іншых. Шмат прыехала беларусаў, якія сёння былі на працягу дня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: https://t.me/latushka