У Дзятлаве прэзентавалі кнігу мясцовага краязнаўца
У Дзятлаве адбылася прэзентацыя кнігі Валерыя Петрыкевіча “Там, дзе цячэ Маўчадка”, якая выйшла з друку ў гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт”.
Гэта першая краязнаўчая кніга дзятлаўскага культурна-грамадскага актывіста, які ў апошнія 10 гадоў шмат зрабіў і робіць для роднай Дзятлаўшчыны па ўшанаванню сваіх знакамітых землякоў.
Мерапрыемства распачала дзятлаўская паэтка і краязнавец Алена Абрамчык, якая прысутным расказала пра жыццёвы і творчы шлях Валерыя Міхайлавіча, пра тыя добрыя справы і клопаты, якія ён ажыццяўляе на сваёй зямлі.
Павіншаваць земляка з выхадам першай даследчай кнігі прыйшлі яго сябры, сваякі і былыя вучні. Добрыя словы ў адрас Валерыя Петрыкевіча сказалі краязнавец Фёдар Красюк, сябра з Наваельні Уладзімір Рудзеў, былы педагог Раіса Лакіза і многія іншыя. Са Слоніма прыехалі на прэзентацыю пісьменнікі Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч.
Падчас мерапрыемства Валерый Петрыкевіч падараваў усім прысутным сваю кнігу з аўтографам. А прысутныя ў сваю чаргу пажадалі Валерыю Міхайлавічу здароўя і новых кніг.
Альжбета Бельская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара