На выбарах 2015-га году не будзе адзінага кандыдата ад апазіцыі



«Для беларускай апазіцыі вельмі важна ведаць пазіцыю Польшчы, што да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама адносна апошніх ініцыятываў Еўразвязу па наладжванню дыялогу з афіцыйным Менскам», – кажа намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па яго словах, у шэрагах самой апазіцыі працягвае панаваць нявызначанасць, але ёсць і агульныя пункты гледжання:

На жаль, адзінай пазіцыі ў беларускіх дэмакратычных сілаў няма. Мы не маем адзінага кандыдата. І за час, які застаўся да прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя наўрад ці зменіцца. Традыцыйна ёсць розныя пазіцыі – гэта і байкот, і  ўдзел у выбарах, абумоўлены ўдзел у выбарах да канца. Я лічу, што асноўнае, на чым мы сыходзімся, гэта ацэнка небяспекі беларускай Незалежнасці з боку Расеі – гэта новая пагроза, якая асабліва актуальнай стала ў апошні год.

На прэзідэнцкіх выбарах 2015-га году зноў не будзе адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Аб сваім удзеле ў выбарах заявілі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, Алена Анісім ад Таварыства беларускай мовы, Сяргей Гайдукевіч ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Зусім нядаўна да гэтага спісу далучыўся старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

* * * Да прэздэнцкіх выбараў 2015 году беларуская апазіцыя падыйшла разрозненай, – мяркуе намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч. Рашэння пра абранне адзінага кандыдата няма, і выглядае, што зноўку будзе некалькі дэмакратычных прэтэндэнтаў. Кожны з магчымых кандыдатаў будзе пераследаваць уласныя мэты альбо мэты сваёй арганізацыі, прапагандаваць свае ідэі. „Безумоўна, гэта больш слабы шлях, чым тое, калі б мы пайшлі на выбары аб’яднанымі і звярталіся да сваіх выбарцаў адным голасам. І баюся, што ў бліжэйшы час сітуацыя не зменіцца і чакаць з’яўлення адзінага кандыдата не выпадае,” – лічыць Юрась Губарэвіч.

– Сітуацыя досыць складаная з аднаго боку, таму што дзеючая ўлада карыстаецца падтрымкай часткі грамадства, дзякуючы таму, што публічна гарантуе забеспячэнне стабільнасці, адсутнасці вайны. Шмат хто з людзей купляецца на гэтыя словы. Але з іншага боку ўлада знаходзіцца ў досыць складанай сітуацыі, таму што ў Беларусі адбываецца эканамічны крызіс, і за час, які застаўся да прэзідэнцкіх выбараў, наўрад ці нешта палепшыцца.

І таму цікавасць грамадства да апазіцыйных кандыдытаў будзе павялічвацца. „Людзі будуць глядзець на кандыдатаў, шукаць тых, хто ўвасобіць іхнія жаданні пераменаў да лепшага. І ў гэтай сітуацыі вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі было б моцным крокам. Але персанальныя амбіцыі, спрэчкі паміж лідарамі апазіцыйных партый недазволілі прыйсці да вылучэння адзінага кандадата,” – лічыць Юрась Губарэвіч.

 Беларускае Радыё Рацыя