Пра прычыны эфектыўнасці змагання Украіны ў вайне з Расеяй



У пачатку вайны, калі войскі РФ напалі на Украіну, амерыканскае вайсковае ведамства Пентагон дало некалькі сутак украінскай арміі. Разлікі амерыканскіх вайсковых адмыслоўцаў, відавочна, грунтаваліся на сухіх лічбах перавагі пуцінскай арміі, чалавечых і матэрыяльных рэсурсах РФ, вопыце вядзення паспяховых ваенных кампаній — па ўсіх гэтых параметрах Кіеў мусіў капітуляваць праз трое сутак пасля пачатку ўварвання. Аднак у гэтых разліках не ўзялі пад увагу тры моманты. Першае — комік Уладзімір Зяленскі, да якога можна было ставіцца па-рознаму ў мірны час, аказаўся чалавекам са сталёвай воляй, які адмовіўся ад прапановы ЗША аб эвакуацыі. Далей ягоныя эфектыўныя крокі крызіснага менеджара натхнілі ўкраінцаў. І рэйтынг Уладзіміра Зяленскага падскочыў з 30% даваенных да 93% падтрымкі. Другі фактар — матывацыя байцоў ЗСУ і добраахвотнікаў, якія, ачомаўшыся ад масіраваных ракетных і авіяўдараў, сталі зацята ваяваць за кожны метр украінскай зямлі, прычым робяць гэта настолькі паспяхова, што за некалькі дзён страты РФ у жывой сіле і тэхніцы перавысілі дзве папярэднія Чачэнскія кампаніі. Трэці фактар — патрыятызм украінцаў, якія нават у самых рускамоўных раёнах Украіны гатовыя з голымі рукамі спыняць танкі агрэсараў. У сеціве багата відэасведчанняў гераізму простых украінцаў, якія не даюць акупантам прасоўвацца ў глыб краіны. Відавочна, расейскія афіцэры і жаўнеры, якія былі перакананыя, што іх чакае лёгкая прагулка і кветкі ад вызваленых “наваросаў”, знаходзяцца ў стане шоку.

Зацятасць шараговых украінцаў, якія ўсе як адзін сталі на абарону дзяржавы, можна патлумачыць вельмі проста. За гады пасля рэвалюцыі годнасці ва Украіне прайшло некалькі паспяховых рэформаў і пераўтварэнняў, самыя важныя з якіх — гэта развіццё мясцовага самакіравання і бязвіз. Той, хто ездзіў ва Украіну ў апошнія гады, мог заўважыць, як дынамічна развіваюцца ўсе ўкраінскія гарады. Нават самыя дэпрэсіўныя раёны краіны паступова, дзякуючы таму, што мясцовыя ўлады змаглі самастойна распараджацца сродкамі, паказвалі ўстойлівы эканамічны рост. У даваенны 2021 год ва Украіне насельніцтва стала сябе адчуваць упэўнена ў плане прыбыткаў, а медыянныя заробкі сталі перавышаць беларускія. Магчымасць падарожнічаць без візаў адкрылі свет для ўкраінцаў, якія ўбачылі ўладкаванне развітых дзяржаваў ЕЗ і завязалі кантакты з еўрапейцамі. Такім чынам, расейцы з бедных рэгіёнаў, якія са зброяй прыйшлі “вызваляць” Украіну, убачылі, што нібыта “прыгнечаныя” ўкраінцы жывуць часцей лепш за іх. А, як вядома, свабодны чалавек, якому ёсць што губляць, заўжды будзе лепшым ваяром, чым бяспраўны раб. 

Псіхалагічны пералом у сітуацыі наступае. Збройныя Сілы Украіны адваёўваюць крок за крокам захопленыя тэрыторыі. Калі так пойдзе далей, то паўстане пытанне пра аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 2014 года, уключаючы паўвыспу Крым. Аднак вось у гэтым — самы небяспечны момант, бо расейскае кіраўніцтва мае яшчэ некалькі козыраў: ад дадатковай мабілізацыі да выкарыстання ядзернай зброі, пра што намякаў некалькі дзён таму Уладзімір Пуцін. У любым разе, як бы не развівалася сітуацыя, неадэкватнасць вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ прывяла гэтую дзяржаву на мяжу катастрофы. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ