Беларуская Акадэмія пачала другі акадэмічны навучальны год
Беларуская Акадэмія пачала свой другі акадэмічны навучальны год. З гэтай нагоды ў Беластоку адбылася адмысловая ўрачыстая цырымонія.
Кажа каардынатарка Беларускай Акадэміі Святлана Куль-Сяльверстава:
– Цяжкі час, вайна. Мы паразмаўлялі і вырашылі, што назло ўсім смерцям, назло ўсяму мы будзем працаваць. Адукацыя, выхаванне – гэта тое, за чым будучыня. Нам нельга перапыняцца ў ніякім выпадку, нам трэба ісці, нам трэба развівацца, бо гэты свет выратуе інтэлект. Таму мы будзем працаваць далей.
На цырымонію адкрыцця другога акадэмічнага году ў Беласток прыехалі прадстаўнікі польскіх партнёраў Акадэміі. Гаворыць прарэктар Вышэйшай школы менеджарскіх кадраў з Коніна Кшыштоф Купіньскі:
– Год таму мы сустрэліся тут і вырашылі пачаць прымаць студэнтаў з Беларусі. Арганізатарам Беларускай Акадэміі была прафесар Святалана Куль, мы пачалі супрацоўнічаць. Самым важным заўсёды з’яўляюцца людзі, не месца, а людзі.
Адметнасцю навучання ў Беларускай Акадэміі з’яўляецца анлайн-заняткі. Студэнты маюць права на польскія візы і легальнае пражыццё ў Польшчы. А таксама маюць права на працу ў Польшчы. Навучанне ў Беларускай Акадэміі платнае.
Беларускае Радыё Рацыя