Уцякачка з Украіны: Чарга з людзей і машын расцягнулася на 50 кіламетраў
Наша суразмоўца – спадарыня Тая – жыхарка ўкраінскага горада Хмяльніцкі. Але зараз яна знаходзіцца ў Польшчы, недалёка ад Варшавы.
– У невялічкім, прыгожым мястэчку пад Варшаваю. На шчасце, у нас атрымалася вырвацца з Украіны якраз у той самы дзень, калі была абстрэлена частка горада недалёка ад таго раёну, дзе мы жывем.
РР: Доўга вы дабіраліся да мяжы?
Тая: Так, доўга, таму што зламаўся наш аўтобус. І мы засталіся ў полі чакаць іншага транспарту. Мы моцна змерзлі. Але прыйшоў іншы транспарт і мы змаглі прыехаць. Мы дабіраліся палову дня і цэлую ноч. Даехалі да Львова пад раніцу і ўжо адтуль – да мяжы.
РР: Шмат людзей было на мяжы?
Тая: Настолькі багата людзей, што я ніколі ў жыцці не бачыла, каб столькі было людзей. Мы ехалі на мяжу на пункт пропуску Шэгіні. Чарга з людзей і машын расцягнулася на 50 кіламетраў.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: inpoland.net.pl