Актывісты ў Батумі: Мы супраць вайны
Некалькі соцень чалавек у грузінскім Батумі прыйшлі на акцыю супраць вайны ва Украіне. Там была вялікая колькасць беларусаў і ўкраінцаў, лунала шмат беларускіх і ўкраінскіх сцягоў.
Актывісты распавялі, чым цяпер трэба дапамагаць Украіне:
– Для нас важна ў першую чаргу дакрычацца да Захаду, што трэба закрыць неба над Украінай. Думаю, што гэтага дастаткова, каб забяспечыць перамогу Украіне. Трэба спыніць гэтую чэмберленаўшчыну. Немагчыма дамовіцца з тэрарыстамі, яія ва ўладзе ў Расеі. Закрыйце неба над Украінай!
– Сваімі сіламі, тое, што мы знаходзімся па-за ваенных дзеянняў, што на самой справе для нас гэта плюс, можам дапамагчы ім медыкаментамі, крывёй, прадуктамі, бінтамі, увагай, усім, чым заўгодна. Мы акцэнтуем увагу на тым, што расейска-фашыстоўкі рэжым творыць жахі, і гэта павінна калісьці закончыцца. А скончыцца гэта павінна смерцю двух дыктатараў.
– Я вельмі хачу, каб яны спынілі забіваць нашых дзяцей, каб нашы дзеці нараджаліся ў міры, а не ў падвалах з крысамі ды рознымі вірусамі і бомбамі, каб яны жылі ў чыстай, дэмакратычнай і вольнай краіне.
Пасля акцыі вялікая колькасць актывістаў далучылася да працы ў супольным штабе дапамогі Украіне, які кругласутачна працуе ў штабе партыі „Лело”.
Беларускае Радыё Рацыя