Менскае „Дынама” саступіла СКА
У трэцім матчы першага раунда Кубка Гагарына менскае Дынама на сваім лёдзе саступіла СКА – 2:3. У сярэдзіне першага перыяду Мальце Стрэмваль адкрыў лік у гульні. Пасля перапынку армейцы не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад намаганнямі Галімава і Саляннікава. Практычна адразу ж менчукі аднавілі роўнасць на табло дзякуючы Дзянісу Мосалеву. За 44 секунды да канца трэцяга перыяду госці вырвалі перамогу – у большасці вызначыўся Мікіта Гусеў. Такім чынам, Дынама пацярпела трэцяю запар паразу ў серыі і блізкае да вылету з Кубка Гагарына. Наступная сустрэча каманд пройдзе 8 сакавіка ў Менску.
„Цмокі” пацярпелі разгром ад УНІКСа
УНІКС на сваёй пляцоўцы разграміў менскіх „Цмокаў” у матчы рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ — 98:56. Самымі выніковымі сталі Данііл Барысевіч (12 ачкоў, 2 падбора, 1 перадача) і Яўген Бялянкоў (11 ачкоў, 6 падбораў). „Цмокі” з 10 паразамі ў 11 гульнях ідуць апошнімі ў табліцы.
„Віцебск” „усухую” перамог берасцейскае „Дынама” ў Кубку краіны
„Віцебск” на хатняй арэне „ўсухую” абыграў берасцейскае „Дынама” ў першым матчы 1/4 фіналу Кубка краіны – 2:0. Ужо на шостай хвіліне Руслан Тэвераў вывеў паўночнікаў наперад. Пасля перапынку абаронца Андрэй Лебедзеў замацаваў поспех гаспадароў. У астатні час Дынама не здолела выратавацца ад паразы. Яшчэ ў адным матчы „Дынама Менск” і „Гомель” згулялі ўнічыю – 1:1. Абодва галы ў гэтым паядынку былі забітыя ў другім тайме. На 48-й хвіліне Барадзін з пенальці вывеў сваю каманду наперад, а на 64-й хвіліне Макась таксама з пенальці зраўняў лік. Сустрэчы ў адказ адбудзецца 12 сакавіка.
„Манчэстэр Юнайтэд” без Раналду прапусціў чатыры мячы ў дэрбі з „Ман Сіці”
„Манчэстэр Сіці” разграміў „Манчэстэр Юнайтэд” у дэрбі 28-га тура чэмпіянату Англіі — 4:1. У „чырвоных д’яблаў” з-за пашкоджання ў сустрэчы не прыняў удзел лідэр атак Крышціяну Раналду. Дублем у першым тайме вызначыўся Кевін дэ Бройнэ, у другім — Рыяд Марэз. „Манчэстэр Сіці” з 69 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы, у „Юнайтэд” 47 балаў і пятая пазіцыя. Гол Мараты прынёс „Ювентусу” перамогу ў гульні са „Спецыяй” ў матчы 28-га тура чэмпіянату Італіі – 1:0. „Ювентус” з 53 ачкамі ідзе чацвёртым у турнірнай табліцы. У матчы 27-га тура чэмпіянату Іспаніі „Барселона” на выездзе ўзяла верх над „Эльчэ” – 2:1. У канцы першага тайма гаспадары выйшлі наперад намаганнямі Фідэля. Пасля перапынку каталонцы адыграліся – вызначыўся Феран Торэс. За шэсць хвілін да канца асноўнага часу матча госці здабылі перамогу дзякуючы Дэпаю, які рэалізаваў пенальці. У табліцы Прымеры Барселона займае трэцяе месца, маючы ў актыве 48 балаў.
Фіён-Мае святкаваў перамогу ў гонцы пераследу на этапе ў Кантыялахці
Французскі біятланіст Кент Фіён-Мае выйграў гонку праследавання на этапе Кубка свету ў Кантыялахці. Другім стаў немец Эрык Лесэр, тройку прызёраў замкнуў прадстаўнік Італіі Лукас Хофер. Беларускія спартоўцы вядома ж не бралі ўдзел у гэтым старце.
Беларускае Радыё Рацыя