Апазіцыя пайшла на заводскія прахадныя



opДнямі апазіцыйныя лідары Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька раздавалі інфармацыйныя матэрыялы супраць росту цэн каля прахадной МТЗ. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў, што атрымалася з гэтай акцыі, якія сёння настроі ў рабочых і чаму апазіцыя вырашыла ісці на заводскія прахадныя.

Анатоль Лябедзька: У межах кампаніі “Стоп-цэны” на мінулым тыдні мы раздавалі матэрыялы ля прахадной МАЗа, зараз – ля Трактарнага завода, і ўражанні самыя пазітыўныя. Такое неабходна практыкаваць, на працягу тыдня можна выбраць 30-40 хвілін для таго, каб правесці сваю сацыялогію і рабочы трэнінг з людзьмі. Трэба ж ведаць рэакцыю народа на падзеі, сачыць за імпульсам жыцця.

РР: Што паказала ваша сацыялогія?

Анатоль Лябедзька: Быў толькі адзін выпадак, калі да нас падыйшла жанчына, назвала “бандэраўцамі” і кінула пад ногі бюлетэнь, які ёй далі. А ўвогуле было раздадзена 600-650 экзэмпляраў. Вось вам і ўся сацыялогія. Больш таго – учора за нашымі матэрыяламі нават былі чэргі. Пыталіся: “Ёсць яшчэ ў краіне незалежная прэса?” Гэты кантынгент не сядзіць у сацыяльных сетках, у асноўным не цікавіцца палітыкай, але людзі з задавальненнем бралі бюлетэні не толькі для сябе, а і для суседзяў. Рост коштаў вельмі хвалюе просты народ – яны эканомяць кожную капейку. Так што тэма вельмі актуальная. Зараз мы збіраемся больш энергічна накіроўваць нашыя рэгіянальныя структуры, каб яны абавязкова ішлі на заводскія прахадныя ў Гародні, Берасці, Віцебску, Салігорску і іншых гарадах.

РР: А палітыкай людзі цікавіліся?

Анатоль Лябедзька: Былі “палітычна падкаваныя” рабочыя, якіх хвалявала, ці здолее перад прэзідэнцкімі выбарамі аб’яднацца апазіцыя.

РР: Міліцыя не перашкаджала вашаму хаджэнню ў народ?

Анатоль Лябедзька: Мы прынялі ўсе неабходныя меры, каб гэтага не здарылася. Калі думаеш, як разумна правесці акцыя, а не проста прапіярыцца, то ўсё можна арганізаваць на ўзроўні.

РР: Сёння, напэўна, кожны беларус так ці інакш, але ўключаны ў абмеркаванне сітуацыі ва Украіне. Ці можна сказаць, што простыя людзі больш палітызаваныя на расейска-ўкраінскае супрацьстаянне, чым на тое, што адбываецца ўнутры краіны?

Анатоль Лябедзька: Думаю, у апошні час (у параўнанні з вясной) для беларусаў украінская тэма паціху адыходзіць на другі план. Калі напачатку быў проста неверагодны ажыятаж, то зараз гэта перакрываецца сацыяльнай тэматыкай. Цэны, інфляцыя, ахова здароўя… Сваіх жа праблемаў хапае. І гэта беларусы цудоўна разумеюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.29ru.net, БелаПАН