Дзяніс Чашчавік: Беларусы Беластоку мусяць быць гатовы да вялікай міграцыі суайчыннікаў з Беларусі
Міністры ўнутраных спраў ЕЗ дамовіліся аб прыёме бежанцаў з Украіны па спрошчанай бюракратычнай працэдуры. Беласток актыўна прымае ўкраінскіх уцекачоў без панікі і па адладжанай схеме. Аднак у вайне супраць Украіны Пуцін не выказвае ніякіх намераў адхіліцца ад абранага курсу, а значыцца, Беларусь застаецца закладніцай сітуацыі і ў любы момант можа стаць месцам вядзення баявых дзеянняў па знішчэнні крыніц нападу на Украіну.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – грамадскім дзячом, які прымае ў сябе ўцекачоў з Беларусі, Дзянісам Чашчавіком пра тое, што далей чакаць беларусам ад вайны на Украіне, у гонар каго варта назваць вуліцу каля беларускага консульства і да чаго варта рыхтавацца беларускай супольнасці ў Беластоку:
Дзяніс Чашчавік: Я рыхтуюся да таго, што такая сітуацыя, як цяпер на граніцы з Украінай, яна будзе і тут, у Брузгах, Баброўніках. Украінцы выстаяць. Яны троху разбяруцца на сваёй зямлі, і ўсё роўна яны будуць спрабаваць дацягнуцца да тых базаў, з якіх ідуць расейцы. Усё роўна паляцяць ракеты і снарады на тэрыторыю Беларусі і Растоўскай вобласці Расеі. Як толькі першая ракета прыляціць у Беларусь, пачнецца паніка як на Украіне, людзі пачнуць уцякаць.
РР: І зноў бежанства? Сюды, у Польшчу?
Дзяніс Чашчавік: Не толькі ў Польшчу, і ў Расею паедуць, бо там граніца як быццам бы адкрытая. Але большая частка з Гародні, Берасця будзе ўцякаць у Польшчу. Трэба рыхтавацца ў Беластоку. Тры месяцы таму я казаў лідарам дыяспары, што трэба думаць пра тое, каб зноў арганізаваць шэлтар, штосьці падобнае на прыстанішча, прытулак на першыя дні для ўцекачоў. Трэба ўжо думаць пра дапамогу. Тры месяцы таму мне казалі, што гэта не патрэбна. Але цяпер, калі ідзе больш за тыдзень вайна, калі Пуцін разам з Лукашэнкам уцягнулі і беларусаў туды, калі цяпер такі пад’ём дапамогі ўкраінцам у Польшчы, а беларусаў пачынаюць лічыць дрэннымі з-за таго, што з іх тэрыторыі ідуць расейскія войскі, трэба рыхтавацца да таго, што толькі мы будзем дапамагаць уцекачам-беларусам. У мяне ўжо жыве незнаёмы мне мужчына, які ўцёк з Беларусі пару дзён таму. За гэтыя тры месяцы ў мяне жылі 6 чалавек. Знаёмыя, знаёмыя знаёмых. Трэба ўжо думаць, што такая сітуацыя, як цяпер на граніцы з Украінай, будзе і на граніцы Беларусі з Польшчай, Беларусі з Літвой. І што гэтая хваля, як на Украіне, будзе і тут, у Беластоку. Беласток знаходзіцца трохі з боку. Украінцаў тут пакуль не бачна, іх тут не шмат. Уцекачы едуць да Лодзі, да Варшавы, да Вроцлава, там дзе іх шмат, дзе шмат працы, дзе шмат знаёмых. Але сюды паедуць беларусы. Трэба рыхтавацца да таго, што тут будзе шмат беларусаў.
РР: Па вашых адчуваннях, наколькі ў горадзе бяспечна беларусам? Ці ёсць выпадкі нейкай дыскрымінацыі?
Дзяніс Чашчавік: Не. Я не бачыў ніякай дыскрымінацыі. Я чуў пра таксістаў, што калі яны бачуць, што кліенты з Беларусі, то пачынаюць крыху наракаць, што праз Беларусь ідуць войскі, што Беларусь атакуе Украіну. Але, каб сварыліся, такога не відаць. І нават, калі ты размаўляеш па-беларуску… я зайшоў у аптэку і пачаў размаўляць па-беларуску, то аптэкаркі, відаць, падумалі, што я з Украіны, нават па-расейску са мной пачалі спрабаваць размаўляць.
РР: Ці чулі вы пра ініцыятыву назваць частку вуліцы ў Беластоку каля беларускага консульства «Вольная Беларусь», а другую частку «Вольная Украіна». Чаму нельга назваць адной назвай «Вольнай Беларусі і Украіны»?
Дзяніс Чашчавік: Цяпер такая хваля дапамогі і салідарнасці з Украінай, таму хочуць, каб назва была звязаная з Украінай. І не вельмі добрыя адносіны да Беларусі, як да дзяржавы, да Лукашэнкі, і называць яе Беларуссю палякі не вельмі хочуць. Тут консульства Беларусі, то вуліцу можна было б назваць, ну, напрыклад, вуліца Анджэя Пачобута, або Анжалікі Борыс. Чаму не назваць гэтую вуліцу ў гонар тых палякаў, якія сядзяць у беларускіх турмах толькі за тое, што з’яўляюцца палякамі?
РР: У любым разе, калі з’явіцца такая хваля бежанства з Беларусі, то як вы адчуваеце, гэта будзе меншая падтрымка з боку Польшчы, чым да ўкраінцаў?
Дзяніс Чашчавік: Меншая, бо Лукашэнка ўцягнуў цэлую краіну ў вайну, і ён выступае на баку агрэсара. І палякі, Еўропа як быццам забыліся, што было ў 2020 годзе, яны бачаць нас як агрэсараў. І гэта пакуль нікуды не дзенецца. З часам гэтая хваля спадзе, можа патлумачаць, разбяруцца, але цяпер гэтая хваля ёсць.
З «Госцем Рацыі», грамадскім дзеячом Дзянісам Чашчавіком камунікавала Вольга Сямашка.