Пінчукі хочуць дапамагаць украінцам
У Пінску неабыякавыя жыхары спрабуюць даведацца, як магчыма дапамагчы братэрскаму ўкраінскаму народу ў пераадоленні гуманітарнай катастрофы. З гэтай нагоды яны звяртаюцца ў мясцовыя дабрачынныя арганізацыі, як Чырвоны Крыж і Фонд міру, але пакуль адказаў няма.
Нашае радыё пацікавілася ў мінакоў на вуліцах Пінска, ці павінна Беларусь дапамагаць і ці гатовыя яны браць у гэтым удзел:
– Ім гэта патрэбна, трэба абавязкова адгукнуцца. Вопраткай, грашыма можна дапамагчы.
– Абавязкова, як жа без дапамогі. Усе такія ж людзі, як і яны. Такое няшчасце на іх напала, канешне мы павінны, проста абавязаныя.
– Гэта нашыя людзі, якое мае значэнне, гэта чалавек. Таму абавязкова трэба дапамагаць, бо ўсе хрысціяне, усе веруючыя. Калі з намі бяда здарыцца? Я думаю, што абавязкова трэба дапамагаць матэрыяльна і духоўна.
Перадусім дапамога патрэбная грамадзянам Украіны, якія ў выніку баявых дзеянняў засталіся без жытла, не маюць магчымасці набыць рэчы першай неабходнасці і харчавання. Надзвычай цяжкай сітуацыя называецца ў такіх буйных гарадах як: Чарнігаў, Сумы, Харкаў, Марыупаль і ў сталіцы Кіеве.
Беларускае Радыё Рацыя