„Баварыя” разграміла „Зальцбург” і выйшла ў чвэрцьфінал



„Баварыя” разграміла „Зальцбург” у матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў — 7:1. Польскі форвард Роберт Левандоўскі стаў аўтарам самага ранняга хет-трыку ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Паляк забіў 3 галы да 23-й хвіліны. Дзякуючы гэтаму ён стаў аўтарам самага ранняга хет-трыка ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў, перасягнуўшы дасягненне нападніка „Мілана” Марка Сімонэ, які забіў тры галы „Русенборгу” за першыя 24 хвіліны матчу ў 1996 годзе. Мюнхенцы пасля нічыі у першым матчы 1:1 выйшлі ў чвэрцьфінал турніру. „Ліверпуль” на хатняй арэне прайграў „Інтэру” ў матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў — 0:1. Адзіны гол на 61-й хвіліне матчу забіў Лаутара Марцінэс. Мерсісайдцы, якія перамаглі ў першай сустрэчы 2:0, выйшлі ў чвэрцьфінал турніру.

Лісаковіч уключаны ў зборную лепшых гульцоў 20-га тура чэмпіянату Расіі

Беларускі форвард „Рубіна” Віталь Лісаковіч уключаны ў сімвалічную зборную найлепшых гульцоў 20-га тура чэмпіянату Расіі.
Спіс склаў „Матч Прэм’ер” па выніках апытання сярод гледачоў.
Лісаковіч у матчы з „Ахматам” забіў гол і аддаў выніковую перадачу.

Павел Паўлючэнка – у сімвалічнай зборнай 24-га тура чэмпіянату Польшчы

Беларускі брамнік клуба „Брук-Бэт Тэрмаліца” Павел Паўлючэнка ўключаны ў сімвалічную зборную 24-га тура чэмпіянату Польшчы.
У матчы з „Вартай” Паўлючэнка згуляў „на нуль” і адбіў пенальці, а яго каманда перамагла з лікам 1:0.
Нараўне з брамнікамі Душанам Куцякам з „Лехіі” і Мацеем Гастомскім з „Гурніка” Лэнчна, на рахунку Паўлючэнкі больш за ўсіх сэйваў у туры — па пяць.

ФІФА: зборная Польшчы выйшла ў фінал адбору чэмпіянату свету-2022

Зборная Польшчы па футболе аўтаматычна выйшла ў фінал адбору да чэмпіянату свету 2022 года. 28 лютага УЕФА і ФІФА адхілілі расійскія клубы і зборныя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах з-за сітуацыі вакол Расіі і Украіны. У сувязі з прынятымі ФІФА санкцыямі зборная Расіі па футболе не можа ўдзельнічаць у сакавіцкіх стыкавых матчах за права выйсці ў фінальную частку чэмпіянату свету 2022 года ў Катары. Зборная Расіі ў паўфінальным матчы адбору павінна была згуляць супраць каманды Польшчы 24 сакавіка, пераможца 29 сакавіка павінен быў сустрэцца з наймацнейшым у паўфінальнай пары Швецыя – Чэхія, але зборныя Польшчы, Швецыі і Чэхіі выступілі з заявай аб адмове гуляць супраць расейцаў.

„ПСЖ” прапанаваў Кіліяну Мбапэ кантракт на 100 мільёнаў еўра за год.

„ПСЖ” прапанаваў Кіліяну Мбапе самы выгадны кантракт у гісторыі футбола. Па інфармацыі The Independent, парыжане прапанавалі форварду кантракт на суму 100 мільёнаў еўра за год.
У „Рэале” ведаюць пра гэта, але не могуць зрабіць гульцу такую ж прапанову. Мадрыдцы спадзяюцца, што Кіліяна прыцягне багатая гісторыя клуба, а таксама будучы патэнцыял.

Гаварцова не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру ў Індыян-Уэлсе

Беларуска Вольга Гаварцова не змагла пераадолець бар’ер кваліфікацыі на прадстаўнічым турніры ў Індыян-Уэлсе. Ва ўпартай барацьбе наша суайчынніца саступіла сербцы Аляксандры Круніч – 5:7, 5:7.

СЕХА-ліга прыпыніла сезон на нявызначаны тэрмін

Выканкам СЕХА-лігі прыняў рашэнне прыпыніць сезон і адкласці ўсе астатнія матчы на нявызначаны тэрмін. Пра гэта паведамляе прэс-служба гандбольнага клуба „Мяшкоў Брэст”. Пра далейшы лёс турніру ліга паведаміць дадаткова.

Беларускае Радыё Рацыя