Берасцейскія ўлады прыраўнялі кветкі да зброі, а людзей да тэрарыстаў



Берасцейскія ўлады прыраўнялі кветкі да зброі, а людзей да тэрарыстаў. Толькі так можна расцаніць інцыдэнт з забаронай ускладання кветак да помніка ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі з нагоды дня народзінаў.  

Каля помніка дзяжурылі „бусы” з таніраваным шклом, стаяў АМАП у чорным, міліцыя і людзі ў грамадзянскім. Людзей адцяснілі, кажа актывістка з Маларыты Людміла Рамановіч:

 Падышоў супрацоўнік міліцыі, які прадставіўся. Ён сказаў разыходзіцца. У сувязі з тым, што абвесткі пра гэтыя мерапрыемствы былі вельмі пашыраныя па тэлеграм-каналах, улады перанеслі на дзесяць гадзін ранку.

Як паведаміў берасцейскі актывіст Валянцін Лазарэнкаў, украінскі консул усклаў кошык з кветкамі ў блакітна-жоўтай афарбоўцы а 10 раніцы, яму са Сцяпанам Навасельчанам таксама ўдалося гэта зрабіць у гэты час. Але ўлады кветкі хуценька прыбралі, што не паддаецца ніякай логіцы:

 У чым праблема? Баяліся, што Шаўчэнка там штосьці наробіць? Улада пужаецца сама сябе. Мы – людзі мірныя, мы не прыйшлі з бомбамі, мы ўсклалаі кветкі. Чаго вы робіце праблему з нас, як з нейкіх тэрарыстаў.

Паводле Рамановіч і Лазарэнкава, 20 гадоў ля помніка адбываліся ўрачыстасці і ніякіх праблемаў не было. А цяпер берасцейскія ўлады пад час вайны Расеі з Украінай прадэманстравалі сваю адданасць краіне-агрэсару – Расеі. Тым самым пацвердзілі бессаромны факт, што Беларусь – краіна-сатэліт Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя