На фоне санкцый актывізаваліся банкаўскія махляры
Магчымасць адключэння Беларусі ад сістэмы SWIFT, як і іншыя эканамічныя санкцыі, актыўна падхапілі махляры, – паведамляе Асацыяцыя беларускіх банкаў. З канца лютага злачынцы масава паведамляюць жыхарам, што ў сувязі з такой сітуацыяй іх рахункі будуць заблакаваныя, а карткі перастануць дзейнічаць, таму трэба зараз жа ўсё перааформіць. Грамадзянам нагадваюць, што такія пытанні па тэлефоне не вырашаюцца.
Тое, што на фоне апошніх падзей банкаўскія махляры актывізаваліся, нашаму радыё распавялі жыхары Пінска:
– “Вушы развесіла”, але калі пачалі пытацца ўсе дадзеныя, я адключылася.
– Тэлефануюць з нейкіх псеўдабанкаў, я ўжо гатова і ведаю, што нумар гэта не банкаўскі.
– У нас адна жанчына вось так “трапіла”, і добра, што падзялілася з намі. І мы на яе вопыце, як толькі пачыналі вось гэта ўсё, адразу “адрубалі”.
– Я таксама скідваю, і па нумары тэлефона зразумела, што гэта махляры. Я нават не слухаю да канца, што яны кажуць, адразу скідваю.
Дарэчы, ужо вядома, якія беларускія банкі, адключаць ад сістэмы SWIFT з-за саўдзелу афіцыйнага Менска ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Гэта „Белаграпрамбанк”, банк „Дабрабыт” і беларускі Банк развіцця.
Беларускае Радыё Рацыя