Як паўплывае вайна ва Украіне на сусветную эканоміку?



У Еўропе выказваюць асцярогі наконт магчымага падаражэння газу, нафты і пшаніцы з-за вайны ва Украіне. У эфіры Радыё Рацыя – Валянцін Сельвясюк – трэйдэр, які працуе ў сферы гандлю збожжам. Ён шмат прафесійнага часу правёў ва Украіне.

РР: Мы перш-наперш звяртаем увагу на чалавечы аспект гэтай вайны, на бамбаванне гарадоў, на людскія трагедыі, смерць. Але ж таксама не можам не заўважыць і таго, як на нашае эканамічнае жыццё паўплывае гэтая вайна. Першае, што мы бачым у Польшчы, гэта цэны на паліва. Яны растуць з гадзіны на гадзіну на запраўках. Я думаю, што мы яшчэ так  выразна не бачым, што адбываецца з цэнамі на збожжа, на прадукты. Што насамрэч адбываецца?

Валянцін Сельвясюк: Напэўна не ўсе ведаюць, што Украіна і Расея пастаўляюць на сусваетны рынак больш за 30% пшаніцы. Больш за 55 млн тон – гэта пшаніца з Украіны і Расеі. І свет без яе сёння жыць не можа. Не будзе дастаткова хлеба. Галоўнымі краінамі, якія купляюць гэтую пшаніцу, з’яўляюцца краіны Афрыкі, Азіі, Цэнтральнай Амерыкі. Таму ўвесь свет глядзіць з вялікай занепакоенасцю на гэтую сітуацыю. Навт у санкцыях, якія ўводзяцца супраць Расеі, уводзяцца выключэнні, якія тычацца збожжа. Але тым не менш, ужо цяпер мы бачым, што ўсе каналы закрыты, усе ўкраінскія парты заблакаваныя, нічога не могуць грузіць. У Расеі справа таксама выглядае не вельмі добра. Учора яны нават зрабілі нейкую забарону на экспарт. Будзе вельмі складаная сітуацыя для краін ва ўсім свеце.

І яшчэ адна сельскагаспадарчая культура – гэта кукуруза, з’яўляецца галоўным экспартным таварам Украіны. А Украіна з’яўляецца галоўным пастаўшчыком яе ў ЕЗ.  60% кукурузы, якой кормяць жывёлу ў краінах Еўропы – гэта ўкраінская кукуруза. І ці будзе яна ў гэтым годзе – вялікае пытанне.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Shutterstock