Каб захаваць народныя скарбы
У Слонімскай раённай дзіцячай бібліятэцы старшакласнікі Слонімскай сярэдняй школы № 2 сустрэліся з мясцовым пісьменнікам, краязнаўцам, гісторыкам і журналістам Сяргеем Чыгрыном. Госць прэзентаваў сваю новую кніжку легендаў і паданняў для школьнікаў “Камень-бацька і камень-сын”, якая сёлета выйшла з друку ў менскім выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Перад сустрэчай бібліятэкары арганізавалі выставу кніг пісьменніка, а загадчыца бібліятэкі Таццяна Сявец распавяла настаўнікам і вучням пра творчасць свайго земляка і пра тыя выданні, якія былі напісаны і выдадзены аўтарам за апошнія пяць гадоў.
Сяргей Чыгрын цікава распавёў прысутным пра сваю новую кнігу, пра тое, што сёння неабходна захаваць духоўныя скарбы нашага народа. “Мая кніга, – адзначыў літаратар, – будзе карыснай, цікавай для ўсіх, каму дарагая родная мова і культура. Яна добры знак таго, што збіральніцкая справа духоўных народных скарбаў у Беларусі працягваецца і яна не заглохла. Гэта свайго роду ўзор для краязнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў і проста для ўсіх беларусаў іншых рэгіёнаў нашай краіны, пачэсны абавязак якіх зрабіць падобнае у сваіх мясцовасцях”.
Падчас сустрэчы школьнікі і настаўнікі задавалі шмат розных пытанняў. Сярод якіх было і пытанне, чаму ў старэйшых класах толькі па адным уроку па роднай мове і літаратуры на тыдзень. Але гэта пытанне найперш неабходна сёння адрасаваць Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Аксана Бельская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара