Пра парадак не там, дзе трэба



Адгадайце, якая галоўная навіна на сайце саміведаецекаго? Тое, што нашая краіна выкарыстоўваецца як плацдарм? Тое, што тры беларускія банкі адключаюць ад swift? Тое, што беларускі бізнес у шоку? У рэшце рэшт выказаны хоць радок спачування ўкраінскаму народу? Не. Галоўная навіна на сайце саміведаецекаго – даклад аб навядзенні парадку ў лясах. Прычым па навядзенні парадку ў лясах пасля студзеньскай стыхіі. Тут проста прыходзяць у галаву словы з рэкламы: “І няхай увесь свет пачакае”. Саміведаецехто парадкам у лясах займаецца. Для Беларусі забараняюць экспарт драўніны, а самі ведаецехто перажывае, што драўніна пераўтворыцца ў непрыдатную. Тое, што па нашай тэрыторыі невядома хто шастае – дык гэта ўсё ў парадку. Тое, што свет на парозе трэцяй сусветнай – таксама ўсё ў парадку. Ва ўладаў – галоўнае, каб быў парадак. Так і хочацца сказаць, што не там парадак наводзяць.

Да 15 сакавіка чыноўнікам загадалі вывезці нарыхтаваны лесаматэрыял да дарог. А таксама прыгразілі турмой за прыпіскі. Карацей, усё, як заўжды. Калі не лічыць, што беларусаў падставілі, краіна ляціць у бяздонне, а ў суседняй Украіне – вайна. Акурат самы час заняцца парадкам у лясах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ