Расея прызнала праблемы з экспартам нафты



Віцэ-прэм’ер расейскага ўрада Аляксандр Новак прызнаў наяўнасць цяжкасцей з кантрактацыяй экспартных паставак нафты і нафтапрадуктаў у красавіку. Паводле яго слоў, з сакавіцкім экспартам праблем няма, ідуць адгрузкі прадукцыі.

«Ідзе кантрактацыя на красавік месяц па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў. Тут мы сутыкаемся на сённяшні дзень з пэўнымі праблемамі, якія найперш тычацца фінансавання», — прыводзіць ягоныя словы «Інтэрфакс».

Паводле яго слоў, контрагенты сутыкаюцца з праблемамі пры выдачы акрэдытываў банкамі з-за фінансавых санкцый.

«Знаходзім іншыя шляхі, напрыклад, з кітайскімі кампаніямі, – гэта не суцэльным метадам, гэта адзінкавыя выпадкі. Магу сказаць, што ёсць розныя спосабы аплаты, дзесьці ідзе праца без акрэдытываў», – сказаў ён.

Таксама ёсць праблемы з выкарыстаннем судоў. Пытанні вырашаюцца ў ручным рэжыме. Пры гэтым здабыча нафты і газу ў Расеі працягваецца ў поўным аб’ёме.