Пра “чырвоную рысу” Лукашэнкі
Украінцы цягам двух тыдняў вядуць абарончую вайну супраць расейскага агрэсара, поспехі якога можна лічыць дастаткова сціплымі. Відавочна, наступ расейскага войска забуксаваў праз неадэкватную ацэнку крамлёўскімі экспертамі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне і ваеннага патэнцыялу праціўніка. Украінцы, нягледзячы на праблемы з сістэмай супрацьпаветранай абароны, вядуць актыўныя дзеянні, месцамі пераходзяць у контратаку. Расея з кожным днём вайны губляе жывую сілу, тэхніку і ў выніку заходніх санкцый штодня страчвае эканамічны патэнцыял. Вайна ўкраінскаму народу даецца вельмі нялёгка з улікам колькасці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва і па прычыне знішчэння агрэсарам аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. Адной з самых гарачых кропак вайны з’яўляецца паўночны ад Кіева напрамак, на якім расейскія вайскоўцы ўвесь час спрабуюць падсунуцца бліжэй да ўкраінскай сталіцы і дзе ідуць вельмі цяжкія баі, а некаторыя населеныя пункты проста сцёртыя з твару зямлі. Зразумела, такое прасоўванне да ўкраінскай сталіцы было б немагчымым, каб не ўваход войскаў РФ з тэрыторыі Беларусі, праз якую яны прайшлі без праблем і пры ўсебаковым саўдзеле мясцовай адміністрацыі. У звязку з гэтым паўстаюць пытанні: ці раздзяляюць украінцы ўладу і грамадства Беларусі; і на каго яны ўскладаюць віну?
Адказ на гэтыя пытанні можна знайсці ў свежым сацыялагічным даследаванні ўкраінскай групы “Рэйтынг”. Паводле дадзеных украінскіх сацыёлагаў, у сярэднім каля 70% рэспандэнтаў лічаць вінаватымі ў ваенным уварванні ва Украіну толькі ўладу Беларусі. Менш за 30% апытаных мяркуюць, што ўлада Беларусі і народ нясуць аднолькавую віну. Для параўнання. У гэтым жа даследаванні віна за напад на Украіну ўскладаецца на народ і ўладу РФ пароўну. Адпаведна, мы можам канстатаваць, што на гэты момант ва ўкраінскім соцыуме распаўсюджаны пункт гледжання, які выразна сведчаць пра тое, што беларусы ў асноўнай масе не атаясняюцца з ворагамі. Нягледзячы на крывавую вайну, украінцы па-ранейшаму збольшага прыязна працягваюць ставіцца да беларусаў. Аднак гэтую тэндэнцыю наўрад ці ўдасца захаваць, калі беларускія вайскоўцы непасрэдна будуць адпраўленыя ва Украіну. Адносна неблагая для беларусаў сацыялогія падказвае незалежнаму грамадству варыянты з далейшымі дзеяннямі, якія дапамогуць у перспектыве вярнуць дачыненні паміж нашымі народамі на ранейшы ўзровень. Па-першае, беларусы як унутры, так і па-за межамі краіны павінны зрабіць усё, каб ніводны вайсковец з Беларусі не пайшоў вайной ва Украіну. Па-другое, беларусы замежжа павінны весці інфармацыйную працу з суайчыннікамі, у якой тлумачылі б тое, што насамрэч адбываецца ва Украіне. Па-трэцяе, беларусы павінны рабіць усё для падтрымкі незалежнасці і суверэнітэту Украіны. У выпадку паразы Крамля, што з’яўляецца насамрэч пытаннем часу, салідарныя дзеянні і нашая дапамога ўкраінскаму народу стануць падмуркам для наладжвання добрасуседскіх сувязей.