Прэзідэнт Беластока: Суседства з Беларуссю ўплывае на не выбар горада ўцекачамі як прытулку
У Пункце ахвяраванняў для Украіны ў Беластоку прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная праблемам мясцовай дапамогі Украіне.
На неабходнасць больш сістэмнай працы і прыцягненні дадатковых сродкаў з боку ўраду звярнуў увагу войт Карыціна Міраслаў Лех:
-Мы звяртаемся да ўраду, каб падрыхтаваў мястэчка для бежанцаў. Бо на стадыёнах мы іх не можам размясціць, у спартовых залах таксама. І гэта справа ўрада. Гэта для нас вялікі выклік, але гэты выклік нарастае. Таму мы звяртаемся да грамадства, да ўраду.
Прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі запэўніў, што горад гатовы прыняць нават 10 000 уцекачоў з Украіны, але агучыў прычыны, чаму ўкраінцы не выбіраюць Беласток для пошуку часовага прабыцця на фоне вайны:
-Па-першае, ў горадзе працавала мала ўкраінцаў і ў іх тут не было „адпраўной кропкі”, яны горад не ведаюць. Другая прычына – гэта размяшчэнне горада каля польска-беларускай мяжы. Яны выйшлі з-пад бомбаў. Беласток блізка да ўсходняй мяжы і яны баяцца тут заставацца, што занадта блізка да ўсходняй мяжы, занадта блізка да Беларусі, і яны не ўпэўненыя, што гэты «тэатр ваенных дзеянняў» не пашырыцца, і яны проста хочуць адчуваць сябе ў бяспецы, таму не выбіраюць Беласток.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі падкрэслілі, што ў параўнанні з Варшавай, Кракавам, Уроцлавам ці Познанню, Беласток някепска спраўляецца з прытокам уцекачоў. Таксама ежу, рэчы першай неабходнасці і тэрмічную вопротку можна прыносіць штодня з 9-й да 19-й гадзіны ў Пункт ахвяраванняў для Украіны ў Беластоку, што месціцца на гарадскім стадыёне па адрасе: Сонечная, 1.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток