Ніко Кашыбадзе: Дапамагаем Украіне як можам
У офісе палітычных партый Грузіі адкрываюцца пункты па зборы гуманітарнай дапамогі Украіне. У грузінскім Батумі адзін з такіх пунктаў – гэта офіс Адзінага Нацыянальнага Руху.
Актывіст гэтага Руху Ніко Кашыбадзе распавядае, якую дапамогу яны аказваюць для Украіны:
– Мы збіраем гуманітарную дапамогу, збіраем адзенне, збіраем лекі, прадукты, грошы. Здаём кроў. Стараемся дапамагчы як можам. І кожны, хто прыходзіць да нас, прыносіць тое, што мае. Хтосьці прыносіць адзенне, хтосьці прадукты, хтосьці проста дапамагае грашыма, хтосьці кажа, што не мае чым дапамагчы, але гатовыя працаваць як валанцёры. У нас ёсць база людзей, якія гатовыя прыняць бежанцаў, што прыязджаюць у Грузію з Украіны. Таму мы дапамагаем у сілу нашых магчымасцяў.
Па словах актывіста, у іх штабе працуюць таксама шмат валанцёраў з Беларусі:
– У нас шмат валанцёраў з Грузіі, Беларусі, Украіны. У нас у штабе працуюць беларускія валанцёры, якія разам з намі збіраюць дапамогу. Гэтыя валанцёры жывуць ужо некалькі месяцаў у Батумі і тут уладкаваліся.
Палітык паведаміў, што першая частка грузу, што збіралі ў Батумі, ужо даехала ў Адэсу, і адтуль яе будуць размяркоўваць у іншыя месцы Украіны. У бліжэйшыя дні з Адзінага Нацыянальнага Руху, разам з іншымі партыямі і арганізацыямі Аджарыі, будзе адпраўлена яшчэ адна партыя гуманітарнай дапамогі ва Украіну.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя