Палітвязень Ілля Міронаў нават не ведае, хто яго следчы



Маці палітвязня Валянціна Міронава атрымала ліст ад сына, датаваны 3 сакавіка. Ілля піша, што апошні раз лісты з волі атрымліваў яшчэ ў лютым, піша выданне «Новы час». Ілля сам шмат каму піша, але адказаў не атрымлівае. Частку лістоў, як вязню паведаміў аператыўны работнік, перадалі следчаму. Інфармацыі па справе таксама няма, Ілля нават не ведае, хто яго следчы.

Тэрмін утрымання вязня пад вартай працягнуты да 30 сакавіка. Нагадаю, што гомельскі валанцёр Ілля Міронаў пакуль быў на волі напісаў больш за 2500 лістоў палітвязням, сам быў затрыманы за каментары ў інтэрнэце. Ілля праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). У зняволенні ў Іллі рэзка пагоршылася здароўе. Па стане на 11 сакавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1088 чалавек.