Пісьменніку Міколу Гамолку – 100
Сёння пра беларускага пісьменніка Міколу Гамолку (1922-1992) мала хто ведае і чуў. Хіба толькі яго землякі з Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў, дзе ён нарадзіўся і вучыўся. А гэта быў таленавіты чалавек, які пісаў вершы, апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Пісьменнік шмат зрабіў для нашай літаратуры, і пра такіх людзей мы павінны памятаць, тым больш, што 11 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Міколы Гамолкі.
Першыя творы паэта друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх газетах. У 1939 годзе ён паступіў у БДУ на філалагічны факультэт. Восенню 1940 года быў прызваны ў армію і накіраваны ў часць хімабароны, дзе праслужыў да 1946 года Напачатку быў салдатам, а потым атрымаў лейтэнанцкае званне і стаў камандзірам.
У гады Другой сусветнай вайны Мікола Гамолка напісаў шмат вершаў, друкаваў іх у часопісе “Беларусь” і аднайменным альманаху, які выдаваўся ў Маскве пад рэдакцыяй Пятра Глебкі.
У 1947 годзе Мікола Гамолка паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, потым быў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты “ЛіМ і газеты “Чырвоная змена”. Займаў розныя вялікія пасады ў выдавецкіх і пісьменніцкіх арганізацыях.
Першыя вершы Міколы Гамолкі былі надрукаваны ў 1937 годзе ў бабруйскай газеце “Камуніст”. Аўтар зборнікаў вершаў “Зварот шчасця” (1946) і “Б’юць куранты” (1950). Выйшлі аповесці для дзяцей “Лета ў Калінаўцы” (1950, дапоўненае выданне ў 1956), “Добры дзень, школа!” (1953), “Зя вялікую трасу” (1954), “Лясная крэпасць” (1980), “Сокалы-сакаляты” (1987), “Партызанскія сёстры” (1989), раман “Шосты акіян” (1959), зборнік апавяданняў “Шлях адкрыты” (1960) і шмат іншых.
Беларускае Радыё Рацыя