Іна Снарская: Валанцёрыць добрая палова жаночага насельніцтва нашага горада



Госць Рацыі – беларуска-украінская паэтка Іна Снарская.

РР: Вы нарадзіліся ў Полацку, але ва Украіне жывеце ўжо шмат гадоў. Дзе вы ў дадзены момант не мае значэнне, галоўнае каб у месцы дастаткова бяспечным, каб мы маглі паразмаўляць. Іна, вы памятаеце раніцу 24 лютага? Як вы даведаліся, што расейскія войскі ўварваліся ва Украіну, што пачалася вайна?

Іна Снарская: Гэта было так. Мы спалі з маім унукам. Ён застаўся ў гэты раз у нас. Майму ўнуку 4 гады. Прыйшоў муж раніцай, паглядзеў на мяне так сумна. Ён яшчэ нічога не сказаў, а я ўжо зразумела. Я спытала: «Пачалася вайна?» Ён толькі кіўнуў галавой. У мяне было прадчуванне таго, што гэта адбудзецца. Яшчэ раней да таго, як нам пачалі гаварыць амерыканцы пра тое, што магчыма будзе вайна. Мне сніліся сны пра вайну. А літаральна за дзень да пачатку я нават верш напісала. Усім сваім родным казала, што будзе вайна. Яны не хацелі мяне слухаць, казалі, што гэта шаленства, што такога не можа быць. Гэта не адбудзецца, таму што ў сучасных умовах гэта проста катастрофа. І гэта катастрофа не толькі для Расеі і Украіны, але і для Еўропы. Бо дужа моцная сувязь між намі. Цяпер трэба аб’ядноўвацца, каб разам гэтую бяду вырашаць.

РР: Спадарыня Іна, вы засталіся ва Украіне. Была магчымасць з’ехаць у Польшчу. Чаму засталіся?

Іна Снарская: Мяне запрашала мая сяброўка – Наталка Русецкая, літаральна ў першы ці другі дзень вайны. Але я засталася са сваёй сям’ёй. Мы вырашылі быць усе разам, трымацца разам, таму што выехаць усе мы не маглі, мужчыны павінны былі застацца. Мы, напрыклад, магі паехаць. Але гэта немагчыма. Мы вырашылі быць тут, быць усе разам.

РР: І зараз вы разам з усімі ўкраінскімі жанчынамі. А чым зараз займаюцца ўкраінскія жанчыны? Здагадваюся, што не сядзяць склаўшы рукі, як могуць, так дапамагаюць абараняць сваю краіну.

Іна Снарская: Так, вядома. Я з Украінай, таму я тут ўжо больш 30 год. Гэтая зямля стала мне роднай, другой радзімай. Пацверджанне гэтаму тое, што пішу вершы і прозу ўкраінскай мовай таксама. І вядома я з усімі гэтымі жанчынамі. У нас тут моцны валанцёрскі рух, актыўны. Мой уклад дужа маленькі ў гэты працэс, але ўсё роўна я іду туды, і мы пляцём маскавальныя сеткі, робім маскавальнае адзенне для байцоў. Ёсць людзі, якія займаюцца прыёмам перасяленцаў. Ёсць людзі, якія займаюцца пытаннямі харчавання, размяшчэннем дзяцей. Адным словам, я думаю, што валанцёрыць добрая палова жаночага насельніцтва нашага горада, а можа нават і больш. Каго не пытаю, усе мае знаёмыя нейкім чынам з гэтым звязаныя. Калі не звязаныя, то яны хаця б нясуць нешта, прадукты, адзенне, каб хоць неяк дапамагчы. Шмат мужчын у тэрытарыяльнай абароне. Хто яшчэ не там, той нейкія іншыя функцыі выконвае. То бок, усе мы стаім на абароне нашай зямлі, нашай радзімы. Мы дужа аб’яднаныя.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя