Мінабароны паведамляе аб ратацыі на паўднёвай мяжы



Узброеныя сілы Беларусі працягваюць выконваць задачы ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

У паведамленні яшчэ раз паўтараецца раней распаўсюджаная інфармацыя аб тым, што „частка сіл і сродкаў выконвае задачы па ўзмацненні аховы Дзяржаўнай мяжы, а таксама ўзмацненню баявога дзяжурства па СПА”.

„Таксама рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па ратацыі падраздзяленняў, якія выконваюць задачы па ўзмацненню аховы Дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах”, – запэўніваюць у Мінабароны.

Там нагадваюць, што асноўная мэта мерапрыемстваў па ўзмацненні дзяржмяжы – забеспячэнне бяспекі грамадзян Беларусі, спыненне парушэння дзяржграніцы, выключэнне каналаў пастаўкі зброі і боепрыпасаў.

Акрамя таго, ажыццяўляецца адсочванне сітуацыі на фоне значнага нарошчвання вайсковай прысутнасці на заходніх межах.

13 сакавіка начальнік Генштаба ВС – першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч запэўніў, што перамяшчэнне беларускіх войскаў па тэрыторыі нашай краіны не звязанае з падрыхтоўкай да нападу на Украіну. Ён расказаў аб ратацыі на поўдні, дзе пяць батальённых тактычных груп будуць заменены пяццю іншымі батальённымі тактычнымі групамі.