Bayer абмяжуе працу ў Беларусі і Расеі



Хімічны гігант Bayer абмяжоўвае сваю прысутнасць у Беларусі і Расеі. Кампанія аб’явіла, што спыняе ўсе выдаткі, напрамую не звязаныя з пастаўкамі асноўных тавараў для аховы здароўя і сельскай гаспадаркі.

Абмежаванні закрануць размяшчэнне рэкламы і маркетынгавай дзейнасці. Інвестыцыйныя праекты прыпыненыя на нявызначаны тэрмін. Новыя праекты не будуць разглядаць.

У каментарыі Bayer зазначаецца, што ёсць заклікі спыніць усе пастаўкі тавараў у Беларусь і Расею. Аднак у гэтым пытанні кампанія будзе кіравацца ў тым ліку этычнымі меркаваннямі.

«Адмова грамадзянскаму насельніцтву ў асноўных медыцынскіх і сельскагаспадарчых прадуктах, такіх як лекі ад раку або сардэчна-сасудзістых захворванняў, тавары для здароўя для цяжарных жанчын і дзяцей, а таксама насенне для вырошчвання прадуктаў харчавання, толькі памножыць страты чалавечых жыццяў ад вайны, якія працягваюцца», — гаворыцца ў заяве.

Кампанія таксама адзначае ўплыў канфлікту на пастаўкі прадуктаў харчавання, што таксама абавязвае яе прадаставіць аграрыям свае сродкі.

„Мы працягнем сачыць за развіццём падзей і пры неабходнасці зменім або скарэктуем нашу палітыку”, – адзначылі ў кампаніі.