Вольга Івашына: Муж год за кратамі
З сярэдзіны сакавіка 2021 года за кратамі ў гарадзенскай турме знаходзіцца журналіст Дзяніс Івашын.
Што адбываецца з Дзянісам і якую ён атрымлівае інфармацыю са знешняга свету распавядае яго жонка Вольга:
– Адчувае ён сябе, наколькі магчыма, добра, нягледзячы на карцэр. Зараз, канешне, вельмі перажывае за Украіну, за ўсе гэтыя падзеі, за поўнамаштабную вайну. І тое, што ён не можа атрымліваць інфармацыю хутка, не ў поўным аб’ёме. Канешне, за сваіх перажывае, хто там ваюе.
Вольга кажа, што ў маці Дзяніса Людмілы Івашынай на дадзены момант праблемы са здароўем і яна вельмі перажывае за сына.
– Яна і зараз увесь час сочыць за навінамі і трошку перанервавалася. Спрабуем яе адцягнуць ад гэтага, каб яна была менш у гэтых стрэсавых навінах. Яна перажывае. Год не бачыць сына і невядома калі ўбачыць – гэта складана.
Дзяніса Івашына абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «Здрада дзяржаве». Следчыя дзеянні ў адносінах да Дзяніса не адбываюцца, толькі вядома, што яму працягнулі да траўня 2022 года тэрмін знаходжання пад вартай.
Беларускае Радыё Рацыя