Антось Жукаў: Гэта і наш абавязак – дапамагаць не толькі беларусам



Госць Рацыі – падстаўнік Цэнтру беларускай салідарнасці Антось Жукаў.

РР: Ваш Цэнтр быў створаны, каб дапамагаць беларусам. А зараз трэба і ўкраінцам дапамагаць. А таксама тым беларусам, якія калісьці пераехалі ва Украіну, а цяпер таксама вымушаны былі пакінуць і гэтую краіну.

Антось Жукаў: Безумоўна, зараз вельмі складаны час для нас усіх, для беларусаў, і яшчэ цяжэйшы для ўкраінцаў. І безумоўна, ёсць яшчэ такая катэгорыя людзей, якія ўцякалі з Беларусі ва Украіну, а затым былі вымушаны з’ехаць у Польшчу.

РР: У Варшаве зараз шмат розных цэнтраў дапамогі ўцекачам з Украіны, у тым ліку і Цэнтр беларускай салідарнасці.

Антось Жукаў: Так, безумоўна, зараз вялікі пад’ём, бачым, што і валанцёраў вельмі шмат. Палякі кожны дзень дапамагаюць. Мы вырашылі, што гэта і наш абавязак дапамагчы, не толькі беларусам, якія ўцякаюць з краіны праз гэтую вайну, але таксама і ўкраінцам. І мы бачым мноства зваротаў да нас. Усяго за першыя два тыдні нашай дзейнасці, з 24 лютага, мы далі 1239 юрыдычных кансультацыяў, знайшлі жытло для 311 уцекачоў з Украіны, гэта 171 дарослы чалавек і 140 дзяцей. Мы распачалі заняткі ў нашай школцы для дзетак. Мы таксама сабралі ўкраінскіх дзяцей, якія ўцякалі ад вайны, знайшлі ўкраінскамоўных выкладчыкаў, і 24 хлопчыкі і дзяўчынкі ў нас займаюцца кожны дзень ад 9.00 да 15.00. Таму ў нас вельмі шырокая дзейнасць. І тэмпы нашай дапамогі і маштабы толькі павялічваюцца.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя