Беларусы Бельгіі сабралі гуманітарную дапамогу



Некалькі тон гуманітарнай дапамогі прывезлі беларусы Бельгіі ў Варшаву. Частку грузу яны пакінулі ў Цэнтры дапамогі беларускім добраахвотнікам пры Беларускім доме. У асноўным гэта сродкі экстраннай медычнай дапамогі, ды вайсковая амуніцыя. Другую частку дапамогі адвезлі ксяндзу Вячаславу Барку ў касцёл на плошчы Трох Крыжоў, дзе працуе пункт збору гуманітарнай дапамогі бежанцам з Украіны ды Беларусі.

Кажа ініцыятар збору дапамогі – кіраўнік Беларуска-еўрапейскага задзіночання Зміцер Піменаў:

– Я лічу сваім абавязкам дапамагаць кожнаму, каму патрэбна дапамога. Я ўдзячны ўсім беларусам, якія далучыліся да збору сродкаў на дапамогу тым, каму патрэбная гэта дапамога, хто ўцякае ад вайны, якую пачаў тэрарыст Пуцін.

Рэпартаж слухайце ў далучаным файле.

Гуманітарная дапамога была сабраная дзякуючы ініцыятыве беларусаў, якія жывуць у Бельгіі, Францыі, Нідэрландах ды Нямеччыне. Гэта ўжо другая такая гуманітарная місія і па словах яе ініцыятараў – не апошняя. Па меры збору новых партый аўтамабілі з дапамогай бежанцам і беларускім добраахвотнікам будуць прыязджаць з Бельгіі ў Польшчу яшчэ і яшчэ.

Беларускае Радыё Рацыя