У Менску адкрылася выстава, прысвечаная самагонаварэнню (абноўлена)
У выставачнай зале філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея “Музей гісторыі беларускага кіно” адкрылася для пастаяннага прагляду выстава “Лятучая, гаручая, празрыстая: гісторыя промыслу і барацьба з ім у Беларусі” – пра гісторыю самагонаварэння ў краіне. Партнёрамі выступілі музейны комплекс Дудуткі ды Беларускі саюз дызайнераў.
Гістарычнае апісанне выставы, ролю самагонаварэння ў сістэме гаспадаркі, цікавыя архіўныя спасылкі вывучыў ды падабраў доктар гісторыі, прафесар
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎ:
– Самагонаварэнне – тэрмін савецкі. Спачатку бальшавікі стымулявалі, каб людзі куплялі гарэлку, потым, калі пачалі з’яўляцца прыкметы дэградацыі – найперш у самых “арганізатараў” – пачалі талдычыць пра “перабіраць нельга” ды арганізоўваць “змаганне” з хмельным пітвом. Эканамічна – падвышаючы падаткі на напоі. І цынічна – спачатку прадаючы ў тых жа рэстарацыях гарэлку без абмежаванняў, а пасля тых, хто пахіснуўся на выхадзе, забіраючы ў выцвярэзнік ды накладаючы штраф! Зрэшты, калі вывучаў адпаведныя дакументы ад 16 да 19 стагоддзя, выразна ўбачыў – ці то прыватнікі, ці то дзяржава адразу ж імкнуліся зрабіць манаполію на вытворчасць ды продаж спіртнога, каб мець звышпрыбыткі. Што пілі беларусы спрадвеку? Піва і пітны мёд, у які, у залежнасці ад запатрабаванай моцнасці дабаўлялася пэўная колькасць вады. І царква, і касцёл “бласлаўлялі” пэўныя літры вырабляць для сабе – на народзіны, хрысціны, вяселлі ды … пахаванні. Калі прыйшла расейская імперыя, іхныя памешчыкі дзеля cвайго заробку мелі права абавязваць прыгонных сялян-беларусаў купляць у іх пэўную колькасць самагонкі. Ну а людзі ўсяляк пазбягалі гэтага і займаліся тым, што мы называем самагонаварэннем.
на здымку: прафесар Валянцін Голубеў
Старшыня Саюза мастакоў РЫГОР СІТНІЦА:
– Хоць я даволі індыферэнтны да ўжывання, але, як і кожны ў вёсцы, вырас пад самагонным апаратам. Таму мізэрныя па памерах “апараты”, што тут выстаўленыя, мне смешныя – у нас на конях везлі драўляныя цэглы, бочкі на 200 літраў, сучасная лядоўня “вендзы” называлася. Пры тым на той час у маёй вёсцы даўжынёй на 4 км горкіх п’янтосаў было адзін-два ды аблічыўся. З іх усе смяяліся, не шанавалі, бо, як правіла, гэта былі кепскія працаўнікі. А співацца пачалі не ад непасрэдна гарэлкі – ад роспачы перад будучыняй, ад жабрацтва. Маўляў, “закінуў” – і шчаслівы, у іншым свеце. Мы ж, мастакі, тады добра зараблялі на антыалкагольных плакатах. Нават той жа Рыгор Барадулін, які з 1974 не браў на грудзі ані келіха…
РР: Прадстаўлены на выставе ягоны плакат, датаваны 1973-м…
Рыгор Сітніца:
(смяецца ) Ну тады яшчэ ведаў, пра што пісаў! А тое, што на выставе ўсе весяляцца, значыць, без “хваробы” і да праблемы ставімся…
на здымку: старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца
УЛАДЗІМІР МІХАРСКІ, рэжысёр-дакументаліст:
– Разумею, што выстава задуманая, як прапаганда “антыпіцця”. Аль жа гэта як і за савецкім часам – рок-н-рол забаранялі, а яго ўсе таньчылі. Колькі самагонку не душаць, а яна больш ужывальная за ўсе каньякі, віны, лікёры. Я за тое, каб яе афіцыйна ўзаконілі ды прадавалі! Бо яе этымалогія ад вытокаў – “сам ганю” – значыць, дрэннай быць ня можа! І калі ў камуністычных райкамах, райвыканкамах нам пасля здымак сарамліва прапаноўвалі – мо замест гарэлкі нешта… Самі даканчвалі – так, самаробную!
АЛЯКСАНДР КАТКОЎ, мастак:
– Нягледзячы на ўсе “змаганні”, гэтая выстава – таксама гісторыя краіны!
РР: У часы перад развалам СССР у народзе пайшла гуляць показка пра тое, што, паводле сусветнага рэйтынгу, СССР займае толькі 4 месца па ўжытку “легальных” спіртовых напояў – пасля Польшчы, Нямеччыны ды ЗША. Усе рагаталі – “дык гэта ж без самагонкі”! Ці прыкідвалі памеры яе ўжывання?
на здымку: мастак Аляксандр Каткоў і рэжысёр-дакументаліст Уладзімір Міхарскі
ВАЛЯНЦІН ГОЛУБЕЎ:
– Да 80 % людзі, прынамсі, у сельскай мясцовасці выраблялі самі. Зараз “самагонны бум” сцішыўся. Усё больш даступна ды якасна. Гэта ж не ў 80-90-я, калі выганялі з драўніны ці падмешваючы “хімію” ў нізкаякасныя спірты тыпу “ROYAL”. А ў людзей з аднае і тае ж колькасці зерне магло ў каго атрымацца вядро, у каго два – як той казаў, майстэрства не прап’еш! І апошняе. Ужыванне самагонкі, як і іншых напояў, ва ўсіх таталітарных краінах выгаднае для ўлады і мае канкрэтны палітычны падтэкст. Маўляў, хай лепш глыкаюць “горкую” і тое “чарніла”, ды абгаворваюць свае беды па п’яні, чым выйдуць на дэманстрацыю на Дзень Волі іх на вуліцы абмяркоўваць – адкрыта і цвярозымі. Тым ня менш – будзьма!
на здымку: плакат з вершам Рыгора Барадуліна
Выстава, як яе ўжо назвалі ў кулуарах – “нацыянальнай гісторыі самагонаварэння” будзе працаваць штодзень з 10 да 19 ў музеі гісторыі беларускага кіно, па Свярдлова, 4, у Менску.
[Not a valid template]
* * *
У выставачнай зале філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея „гісторыі беларускага кіно” адбылося адкрыццё выставы „Лятучая, гаручая, празрыстая: гісторыя промыслу і барацьба з ім у Беларусі” – пра гісторыю самагонаварэння ў краіне. Партнёрамі выступілі музейны комплекс Дудуткі ды Беларускі саюз дызайнераў.
На адкрыцці доктар гісторыі, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў так патлумачыў ролю алкаголю ў прыватным жыцці людзей:
– Ёсць піць, каб адпачыць, піць, каб весялей час правесці з сябрамі. Выпіваюць калі хаўтуры – развітанне з нябожчыкам, каб лягчэй стала. А піць для таго, каб проста піць – гэта ва ўсіх таталітарных рэжымах спіртныя напоі танней. Гэта для чаго? Хай лепш людзі п’юць і за бутэлькай абгавораць свае праблемы, чым яны выйдуць на вуліцы, каб іх абмяркоўваць.
З заўтрашняга дня выстава, як яе ўжо назвалі ў кулуарах – „нацыянальнай гісторыі самагонаварэння” пачне працаваць штодзень з 10 да 19 гадзінаў у музеі кіно, па вуліцы Свярдлова, 4 ў Менску.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара