100 гадоў з дня нараджэння Лявона Луцкевіча



Беларускі палітычны, грамадскі, культурны дзеяч, вязень савецкіх канцлагераў Лявон Луцкевіч нарадзіўся ў Вільні 17 сакавіка 1922 года. Быў сынам Антона Луцкевіча, пляменнікам Івана Луцкевіча, знакамітых беларускіх адраджэнцаў-нашаніўцаў. Маці – Зоф’я Абрамовіч. Сыну аднаго з “бацькоў” Беларускай Народнай Рэспублікі, Антона Луцкевіча, лёс ня мог наканаваць лёгкага жыццёвага шляху.

Уладзімір Стрыгуцкі і Лявон Луцкевіч

Лявон Луцкевіч вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, якая дала Беларусі цэлую плеяду выдатных дзеячаў. Перад прыходам вайны ў 1939 годзе вучыўся ў тэхнічнай вучэльні і праходзіў практыку на электрастанцыі. Сям’я Луцкевічаў жыла тады за Вострай Брамай на вуліцы Піўной (цяперашняя Даўшос). Нейкі час Лявон, таксама як яго брат Юрка, працаваў у Коўне, дзе жыў сябра іх бацькі Клаўдзі Дуж-Душэўскі, апошні дапамог уладкавацца на працу ў будаўніча-праектны інстытут. Менавіта ў гэты час арыштавалі бацьку – Антона Луцкевіча, які згінуў тады без вестак. Дуж-Душэўскага таксама арыштавалі, але яму пашчасціла ацалець.

У час Другой сусветнай вайны пры нямецкай акупацыі Луцкевіч настаўнічаў ў мястэчку Радашкавічы ў мясцовай гімназіі, выкладаў таксама ў Баранавічах. Браў удзел у беларускім патрыятычным падполлі, далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі. У 1944 годзе Лявон Луцкевіч уступіў у шэрагі Беларускай Краёвай Абароны, быў яе афіцэрам. Потым далучыўся да беларускага дэсантнага батальёну Дальвіц.

У канцы 1945 года ў Польшчы Лявон Луцкевіч быў высачаны і арыштаваны савецкімі энкавэдыстамі. У 1946 годзе ў Мінску прайшоў судовы карны працэс над кіраўніцтвам Беларускай Незалежніцкай Партыі. Гэта была так званая «справа шасцёх». Лявона Луцкевіча на пятнаццаць гадоў кінулі за гулагаўскі дрот савецкага канцлагера. На 25 гадоў калымскіх канцлагераў быў засуджаны і ягоны брат Юрка, таксама сябра БНП, які напрыканцы 1944 года ўдзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстання ў Менску.

Лявон Луцкевіч, Уладзімір Стрыгуцкі і Юрка Луцкевіч
Лявон Луцкевіч

Пасля вызвалення Лявон Луцкевіч вярнуўся ў родную Вільню. Усё яго жыццё, акрамя гадоў зняволення, было звязанае менавіта з старадаўняй беларускай сталіцай. Ён прычыніўся ў новы час да стварэння першай беларускай суполкі ў Вільні “Сябрына”. У 1988 годзе разам з паплечнікамі-аднадумцамі Луцкевіч стварыў Таварыства Беларускай Культуры Летувы. Яно актыўна займалася ўшанаваннем памяці славутых беларусаў, лёс якіх быў цесна знітаваны з Вільняй. З канца 1980-ых гадоў актыўна падтрымліваў адраджэнцкі рух, які пачаў разгортвацца на тэрыторыі Беларусі. Жонкай Лявона Луцкевіча была дачка пісьменніцы, вядомай беларускай адраджэнкі Зоські Верас – Галіна Войцік. Сям’я доўгі час жыла ў славутай “Лясной хатцы”, дзе ў 1970-1980-ыя гады перабывала ці ня ўся беларуская інтэлігенцыя.

восень 1990 году, Хведар Нюнька, Лявон Луцкевіч, Таццяна Поклад, Сяргей Карабач, Алесь Палескі

Лявон Луцкевіч быў сябрам Рады БНР, вёў беларускія перадачы на Літоўскім радыё і супрацаваў з Радыё Свабода, на чыіх хвалях у аўтарскім выкананні прагучалі тэксты са старонак яго будучай кнігі. На жаль, спадар Лявон ужо не паспеў патрымаць у руках свае “Вандроўкі па Вільні”. Маленькая, але ўнікальная і ўжо легендарная кніжка выйшла ў 1998 годзе ў Віленскім беларускім выдавецтве “Рунь” і дагэтуль застаецца найлепшай беларускай кнігай пра колішнюю сталіцу дзяржавы нашых продкаў. Па-сутнасці, гэта малая энцыклапедыя беларускай Вільні.

Памёр Лявон Луцкевіч 28 ліпеня 1997 года ў Вільні ў веку 75 гадоў. Пахаваны на могілках Росы.

Беларускае Радыё Рацыя