За адзін фотаздымак з Марша палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі



У судзе Кастрычніцкага раёна Менска 17 сакавіка да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 40-гадовага палітзняволенага менчука Андрэя Чудзінава. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у „Маршы Новай Беларусі” 23 жніўня 2020 году. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская.

Згодна версіі абвінавачвання, з 9:59 да 20:00 23 жніўня 2020 году, знаходзячыся на праезнай часткі каля праспекту Незалежнасці ў Менску, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных думак і пратэста, вядзенне дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі і якія пацягнулі парушэнне работы транспарта.

Актыўны ўдзел палітвязня ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выявілася ў тым, што ён „публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, знаходзіўся на праезнай частцы, чым блакіраваў і перашкаджаў руху транспарту ў Менску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарта «Мінсктранса»”.

Асноўным і адзіным доказам віны Чудзінава стаў фотаздымак з Марша 23 жніўня 2020 года на яго тэлефоне, які раней забралі супрацоўнікі.

Андрэй Чудзінаў знаходзіцца пад вартай у турме №8 у Жодзіне больш за два месяцы — яго затрымалі 4 студзеня 2022 года, калі ён сам прыйшоў у Следчы камітэт. Яму змянілі меру стрымання. На судзе палітвязень віну не прызнаў і лічыць, што яго віна не даказаная.

«Фотаздымак не з’яўляецца доказам майго актыўнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (публічнае выкрыкванне лозунгаў, гучныя плясканні ў далоні, блакіроўка руху). Іных доказаў майго ўдзелу ў такіх дзеяннях абвінавачванне не назбірала. Улічваючы гэта, прашу пастанавіць апраўдальны прысуд», — казаў сам менчук.

Але суддзя Вольга Няборская прызначыла яму два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

spring96.org