Латвія, Літва і Эстонія высылаюць расейскіх дыпламатаў



Тры прыбалтыйскія краіны аб’явілі сёння, 18 сакавіка, пра высылку расейскіх дыпламатаў.

Латвія аб’явіла персонамі нон грата трох супрацоўнікаў расейскага пасольства. „Бягучая дзейнасць гэтых асоб пад дыпламатычным прыкрыццём не сумяшчальная з іх дыпламатычным статусам і наносіць урон Латвійскай Рэспубліцы”, – гаворыцца ў паведамленні МЗС. У ведамстве ўдакладнілі, што рашэнне прынятае ў знак салідарнасці з Украінай, якая змагаецца супраць неабгрунтаванай агрэсіі Расеі. Дыпламаты павінны пакінуць Латвію да 23:59 23 сакавіка.

У Літве чатыры супрацоўнікі пасольства прызнаны персонамі нон грата за дзейнасць, не сумяшчальную з іх дыпламатычным статусам. Яны мусяць пакінуць краіну цягам пяці сутак.

«Ваенныя атакі Расеі на мірнае насельніцтва, грамадзянскія аб’екты, бальніцы, школы, радзільныя дамы, культурныя аб’екты з’яўляюцца ваеннымі злачынствамі і злачынствамі супраць чалавечнасці. Расейскія спецслужбы актыўна ўцягнутыя ў арганізацыю гэтых злачынстваў супраць мірнага насельніцтва Украіны, таму мы не жадаем, каб прадстаўнікі гэтых структур хадзілі па нашай зямлі і ўяўлялі пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы», – заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Эстонія высылае з краіны трох супрацоўнікаў расейскага пасольства, бо іх дзейнасць парушае Венскую канвенцыю аб дыпламатычных адносінах. Яны мусяць пакінуць краіну цягам трох сутак. „Усе тры асобы непасрэдна і актыўна падрывалі бяспеку Эстоніі і распаўсюджвалі прапаганду, якая апраўдвае ваенныя дзеянні Расеі”, – гаворыцца ў паведамленні МЗС Эстоніі.

Нагадаем, Балгарыя аб’явіла персонамі нон грата 10 расейскіх дыпламатаў.

reform.by