Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў Закон аб абароне Айчыны



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў Закон аб абароне Айчыны. Як адзначыў падчас урачыстага падпісання  дакумента старшыня кіруючай партыі „Права і Справядлівасць”, віцэпрэм’ер па справах нацыянальнай бяспекі Яраслаў Качыньскі:

  – Дзякуючы гэтаму закону, польскае войска зможа больш дынамічна развівацца і можна будзе больш эфектыўна рабіць мадэрнізацыйныя закупкі. Дзякуючы чаму зможа больш эфектыўна бараніць Айчыну ў выпадку магчымай  расейскай агрэсіі на Польшчу.

Мэтай Закона аб абароне айчыны з’яўляецца павелічэнне абароннага бюджэту да трох працэнтаў ВУП, павелічэнне колькасці войска і пашырэнне магчымасці падрыхтоўкі салдат.

Прэзідэнт дадаў, што закон «адкрывае шлях у будучыню для развіцця польскіх узброеных сіл, іх паўнавартаснага функцыянавання, а таксама нацыянальнай абароны». Анджэй Дуда сказаў, што «гэта юрыдычны акт, які быў створаны таму, што Расея напала на Украіну».

Прэзідэнт Польшчы таксама падзякаваў усім палітыкам, якія адгукнулася на яго заклік хутка правесці працэдуру прыняцця Закона аб абароне Айчыны. Паводле яго слоў, «падыход быў надзвычай адказны». Учора сенатары аднагалосна прагаласавалі за законапраект. Сейм прыняў юрыдычны акт у мінулую пятніцу.

Беларускае Радыё Рацыя