Вайна ва Украіне, 19 сакавіка (абноўлена)



Ва Украіне ў палоне знаходзіцца 562 расейскія ваенныя, паведаміла віцэ-прэм’ер-міністр – міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук у інтэрв’ю ТСН.

Верашчук падкрэсліла, што да ваеннапалонных мае доступ міжнародны Чырвоны Крыж.

Ірына Верашчук

***

Міжнародная расследная група Bellingcat апублікавала інтэрактыўную мапу разбураных цывільных абʼектаў на тэрыторыі Украіны.

У Bellingcat адзначылі, што ў масіў звестак уключаны толькі тыя «інцыдэнты, якія былі зняты на фота і відэа». Сярод іх — «пападанні ракет у жылыя кварталы, разбурэнне цывільнай інфраструктуры, відавочная прысутнасць пацярпелых цывільных асоб або нерухомых цел мірных жыхароў». На мапе некалькі сотняў такіх «інцыдэнтаў». На ёй таксама ўказаны тыпы боепрыпасаў, якія нанеслі страты цывільнаму насельніцтву.

Расследная група падкрэслівае, што «дакументаваць разбурэнні вельмі важна ў святле заяў расейскіх уладаў, што яны не імкнуцца атакаваць мірных жыхароў і пазбягаюць удараў па цывільнай інфраструктуры».

***

Акупанты нанеслі магутны авіяўдар па прыгарадзе Кіева

Уначы вораг скінуў чатыры снарады па транспартнай інфраструктуры паміж пасёлкам Пяскоўка і сялом Мігалкі.
Пра гэта паведаміла паліцыя Кіеўшчыны. „У выніку загінулых і параненых няма, збудаванні атрымалі пашкоджанні”, – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама ў паліцыі нагадалі, што 18 сакавіка каля 21.00 расейскае войска таксама нанесла авіяўдар па тэрыторыі Пескаўскай абшчыны. У выніку атакі адна жанчына атрымала раненні, былі пашкоджаны цывільныя будынкі.

***

Расея сцягвае на вайну ва Украіну войскі з далёкіх куткоў краіны

Паводле справаздачы Генштаба ВСУ, страты войска РФ ва Украіне складаюць каля 14,4 тысячы чалавек. Расейскае камандаванне відавочна не чакала такога зладжанага і эфектыўнага супраціву ад украінскіх ваяроў. Цяпер агрэсар вымушаны неяк кампенсаваць страты. Часткова гэта робіцца за кошт наймітаў і так званых „добраахвотнікаў”. А паралельна РФ сцягвае рэзервы з аддаленых куткоў краіны. У ход пайшлі нават усходнія падраздзяленні.
Украінскае камандаванне заявіла: „Для папаўнення страт групоўкі Усходняй ваеннай акругі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь перакінуты асобныя падраздзяленні 155-й асобнай брыгады марской пяхоты (Уладзівасток) і 40-й асобнай брыгады марской пяхоты (Петрапаўлаўск-Камчацкі)”.
Выкарыстанне войскаў з далёкіх усходніх гарадоў сведчыць аб моцным недахопе жывой сілы. Напрыклад, ад Уладзівастока да Беларусі ехаць больш за 9 тысяч кіламетраў.

***

Ва Украіне створаныя лагеры для расейскіх ваеннапалонных

Пра гэта ў інтэрв’ю BBC распавяла ўкраінская Генпракурор Ірына Венядзіктава.

„Лагеры даюць магчымасць цэнтралізавана ўтрымліваць ваеннапалонных з захаваннем усіх норм міжнароднага гуманітарнага права”, — дадала яна.

Расейскія салдаты трапляюць ва Украіне ў палон кожны дзень. Гэта і шарагоўцы, і афіцэры — пілоты самалётаў і верталётаў, і іншыя катэгорыі вайскоўцаў. З некаторымі з іх здымаюць так званыя „пакаяльныя відэа”: яны распавядаюць, што не ведалі, што едуць на вайну. Таксама некаторым салдатам даюць патэлефанаваць дадому і расказаць сваякам, што яны апынуліся ў палоне. Па дадзеных Узброеных сіл Украіны, з 24 лютага беззваротныя страты расійскай арміі склалі каля 14 тысяч 400 чалавек. У гэтую лічбу ўваходзяць забітыя і параненыя. Пра дакладную колькасць палонных не гаворыцца. Мінабароны Расеі статыстыку сваіх страт ва Украіне не агучвае.

***

Цягам астатніх сутак Узброеныя Сілы Украіны ліквідавалі расейскага генерала Андрэя Мардвічова – паведаміў сёння з раніцы на фэйсбуку украінскі Генеральны штаб.

Мардвічоў забіты на аэрадроме ў Чарнабаеўцы ў Херсонскай вобласці. Народжаны ў 1976 годзе генерал-маёр быў першым намеснікам камандзіра 8-й Арміі Паўднёвай Вайсковай Акругі.

Генерал Мардвічоў на парадзе

***

Расея заявіла пра тое, што ўжыла супраць Украіны гіпергукавую зброю

Гіпергукавая зброя — гэта найноўшая распрацоўка, яе не здольныя збіць наяўныя ва ўкраінцаў супрацьпаветраныя комплексы.

«18 сакавіка авіяцыйным ракетным комплексам «Кінжал» з гіпергукавымі аэрабалістычнымі ракетамі знішчаны буйны падземны склад ракет і авіяцыйных боепрыпасаў украінскіх войскаў у населеным пункце Дзяляцін Івана-Франкоўскай вобласці», — гаворыцца ў заяве Мінабароны Расеі.

Гіпергукавая зброя — гэта найноўшая распрацоўка. Мяркуецца, што яе не здольныя збіваць не толькі наяўныя ва ўкраінцаў супрацьпаветраныя комплексы, але і СПА NATO. Заява пра яе ўжыццё — дэманстрацыя сілы Масквы ў адказ на рашэнне NATO перадаць Украіне славацкія С-300 і гатовасці знішчыць іх ударамі «Кінжала».

***

Новыя спадарожнікавыя здымкі кампаніі Maxar Technologies паказваюць, што расейскія войскі акопваюцца паблізу Кіева, паведаміў амерыканскі тэлеканал CNN.

Расейскую ваенную тэхніку ў акопах можна разглядзець на здымках, зробленых каля сяла Азёры Барадзянскага раёну Кіеўскай вобласці, на паўночным захадзе ад Кіева.

***

„Акупанты абстралялі шпіталь у Трасцянцы ў Сумскай вобласці, на шчасце ніхто не загінуў” – напісаў у Тэлеграме ў ноч з пятніцы на суботу Дмытро Жывыцкі, кіраўнік сумскай дзяржаўнай адміністрацыі.

pixabay

***

На чыгуначнай станцыі Муляраўка, што ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, разгружаюць расейскую бранятэхніку: танкі, БТРы, САУ (самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі), паведамляе Радыё Свабода.

17 і 18 сакавіка мясцовыя жыхары бачылі, што тэхніка ехала праз Петрыкаў. З чыгункі да горада танкі і іншую зброю падвозяць адмысловыя грузавікі з платформамі, якія ездзяць у суправаджэнні міліцэйскіх машын з мігалкамі і сірэнамі.

У Петрыкаве праз Прыпяць будуюць пантонную пераправу, праз якую можна будзе трапіць у Лельчыцкі раён, які мяжуе з Украінай.

24-ы дзень армія і народ Украіны трымаюць гераічную абарону ад нападу расейскага агрэсара.

З 24 лютага па 19 сакавіка страты акупантаў арыентыровачна склалі:

асабовага складу – каля 14 200 чалавек,

танкаў ‒ 450,

баявых браніраваных машын – 1375,

артылерыйскіх сістэм – 190,

самалётаў – 93,

верталётаў – 112.

Аперытыўная інфармацыя ад Генеральнага штабу УСУ на раніцу 19 сакавіка: