Пяць гадоў таму ў Слоніме адбыўся Марш недармаедаў, але пасля гэтага нічога так і не змянілася



19 сакавіка 2017 года ў Слоніме адбыўся Марш недармаедаў, які арганізавалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.

У Маршы прынялі ўдзел больш за 300 слонімцаў. Каля Слонімскага райвыканкама ўдзельнікаў марша сустрэў былы старшыня райвыканкама Алег Таргонскі (цяпер старшыня Слонімскага райсавета), а таксама іншыя вертыкальшчыкі. Людзі абураліся тым, што ў Слоніме няма працы, што падчас прэзідэнцтва Лукашэнкі, у горадзе закрылі такія прадпрыемствы, як фабрыку “Тэкстыльшчык”, пер’е-пуховых вырабаў, сельгастэхніку, аўтарамонтны завод і іншыя прадпрыемствы. Старшыня райвыканкама Таргонскі тады казаў, што гатовы да кампрамісу, а таксама абяцаў, што пасля Маршу нікога не будуць арыштоўваць. Кампрамісу ніякага не атрымалася, а ў той дзень быў арыштаваны адзін з актывістаў Маршу – слонімец Віктар Марчык.

Пасля Маршу прайшло пяць гадоў. Але ў Слоніме і ў Беларусі нічога да лепшага так і не змянілася. Наадварот, многія людзі знаходзяцца без працы, а тыя, хто працуе, зарабляюць каля 150-200 даляраў. На прадпрыемствах і ўстановах Слонімскага раёна няма працы, ідзе скарачэнне працоўных, заробкі змяншаюцца…

Беларускае Радыё Рацыя