Юрый Дзяшук: Пасля падзей 2020 года перастаў адзначаць дзень унутраных войск
18 сакавіка адзначаюць свой дзень унутраныя войскі, госць Рацыі Юрый Дзяшук, які служыў у такіх войсках, распавядае чаму перастаў святкаваць, і што здарылася з імі пасля 2020 года.
– Пасля 2020 года я перастаў адзначаць гэты дзень. Да гэтага мы з сябрамі збіраліся і святкавалі, з тымі, з кім служылі, альбо з тымі, хто служыў у іншых частках і іншых гарадах. Пасля падзеяў, каторыя адбыліся ў жніўні 2020, калі нашы ўнутраныя войскі ўзялі непасрэдны ўдзел у разгоне мірных акцый, дэманстрацый і адзначаліся асаблівай жорсткасцю пры затрыманні людзей, перасталі святкаваць.
– Чым увогуле займаюцца гэтыя войскі?
– Нашы войскі выконваюць некалькі задач – гэта патруляванне вуліц гарадоў Беларусі, канваіраванне асуджанных у суд і з суда ці паміж калоніямі, спецыяльныя акцыі – гэта сумнавядомая вайсковая частка 3214 ва Уруччы.
– Ці даводзілася табе прымаць удзел у разгонах вулічнай акцыі?
– Мне пашанцавала, я служыў у даволі спакойны час, калі масавыя акцыі былі не такія масавыя. На Дзень Волі ці на Чарнобыльскі шлях выходзіла па тысячы людзей, але ўсё роўна перад гэтымі святамі нас выганялі на плац у частцы са шчытамі і дубінкамі ў поўнай экіпіроўцы ў шлёмах і шчытках, і адна рота нападала на другую. Адныя са сцягамі выконвалі ролю дэманстрантаў. Нас пачыналі рыхтаваць за два тыдні да свята. Мы былі ва ўзмацненні, але калі казаць асабіста пра мяне, дык запмаліт маёй роты да мяне падыйшоў і спытаў: „Дзяшук, ты калі будзеш стаяць у шэрагу і будзеш бачыць насупраць сваіх сяброў са сцягамі, бо камандванне часткі ведала, хто я і мае погляды, што ты будзеш рабіць?”. Я сказаў, што пакладу шчыт і перайду на іншы бок. І калі былі ўзмацненні на 25 сакавіка і Чарнобыльскі шлях, мяне адпраўлялі на які нарад па сталовай ці які іншы нарад, а мае саслужыўцы усе сядзелі на ўзмацненні.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя