Аляксандр Лукашэнка губляе давер народа



Рэйтынг даверу і электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі працягвае прыкметна зніжацца. Калі ў верасні мінулага года Лукашэнку давяралі амаль 54%,  у снежні — 50%, то сёння — амаль 49%. Зніжэнне рэйтынгу – вынік складанай эканамічнай сітуацыі, як кажа намеснік старшыні Руху “За свабоду!” Юрась Губарэвіч.

–  Але да выбараў яшчэ больш за паўгода. І ўлада гэта таксама разумее. Трэба будзе мабілізаваць эканамічныя рэсурсы, каб прайсці складаны для яе перыяд. Наўмысна ці не, але апазіцыя падыгрывае Аляксандру Лукашэнку, калі не вылучае адзінага кандыдата. Бо разбіваць апазіцыйны электарат у такой сітуацыі, калі зніжаецца рэйтынг Лукашэнкі, гэта дрэнны крок.

Тым не менш, галасаваць за дзейнага кіраўніка Беларусі, які, дарэчы, яшчэ афіцыйна не вылучыў сваёй кандыдатуры да прэзідэнцкай гонкі ў сакавіку, гатовы звыш 34%. У верасні былі гатовы 45,2%, у снежні — 40%, Пра гэта сведчаць вынікі апытання насельніцтва Беларусі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.sputnik.by