Батумі: Кожны дзень выходзім за перамогу Украіны



Некалькі соцен жыхароў Батумі выйшлі 20-га сакавіка на Плошчы Еўропы ў Батумі. Большасць сцягоў, што лунала над Плошчаю – гэта беларускія нацыянальныя сцягі і менскія дваравыя.

Таксама шмат беларусаў прыйшло на плошчу з украінскімі сцягамі, каб выказаць падтрымку Украіне. На мітынгу былі і ўкраінцы, што апянуліся ў Грузіі зусім нядаўна з пачаткам вайны. Мітынг ужо традыцыйна распачаўся з выканання гімнаў Украіны, Грузіі і Беларусі (гімн „Пагоня”” у выкананні „Вольнага хору”). Потым была хвіліна маўчання, а пасля яе грузінскія актывісты распавялі пра падзеі на фронце і дзейнасць штабаў гуманітарнай дапамогі Украіны. Адзін з самых галоўных штабаў знаходзіцца ў Батумі на вуліцы Парнаваза 46 і тут кругласутна як прымаюць дапамогу, так і раздаюць яе бежанцам з Украіны. 

З Батумі ўжо адпраўлена ва Ўкраіну два канвоі гуманітарных грузаў, якія былі перададзеныя ў Адэсу. 

Беларускае Радыё Рацыя, Батумі, Грузія