У Кіеве з’явіліся білборды з інфармацыяй пра беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага
«Разам назаўжды» – білборды з такім надпісам і з выявай беларускіх добраахвотнікаў з’явіліся на вуліцах Кіева. На білбордах таксама паведамляецца, што беларускі добраахвотніцкі батальён прымае актыўны ўдзел у абароне Кіева ад нападу расейскіх акупантаў. Аб з’яўленні такіх інфармацыйных пляцовак ў Кіеве паведаміў нам баец беларускага падраздзялення – Ян Мельнікаў:
– Кампанія „Кіеў-рэклама”, якая мае свае бігборды па Кіеве. Яны пагадзіліся размясціць фотаздымкі з нашымі баталёнамі. Жыхары Кіева могуць пабачыць твары нашых хлопцаў, іх абаронцаў на бігбордах свайго горада. Зараз сітуацыя, калі мы проста праязжаем на блок-пастах пад Кіевам, то да нас звяртаюцца украінскія абаронцы – „а мы вас ведаем, вы беларуская рота”.
Беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага ўзнік на аснове атрада «Пагоня» і тактычнай групы «Беларусь», якія вядуць змаганне з расейскімі агрэсарамі ва Украіне яшчэ з 2014 года. Зараз беларускія добраахвотнікі выконваюць задачы па абароне Кіева. А днямі заявілі пра сваю гатоўнасць прыняць актыўны ўдзел у аперацыі па дэблакаванні акупаванага расейцамі Марыўпаля.
Беларускае Радыё Рацыя