Віталь Цыганкоў: Беларусь мусіць быць прызнана часова акупаванай тэрыторыяй
Ці прызнаюць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй? Днямі з такой заявай выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён заклікаў міжнародную супольнасць афіцыйна гэта прызнаць.
Фота baj.by
Што гэта змяніла б для Беларусі? У нашым эфіры журналіст тэлеканала “Белсат” Віталь Цыганкоў адзначыў, што прызнанне Беларусі такога статусу будзе мець вялікі маральна-палітычны аспект:
– Калі Беларусь ужо ў пасіўнай якасці прымае ўдзел у агрэсіі супраць Украіны, з яе тэрыторыі ляцяць ракеты, з яе тэрыторыі ўзлятаюць самалёты, якія бамбяць украінскія гарады, то кожную хвіліну мы стаім перад пагрозай таго, што і беларускія войскі могуць уступіць у гэтую вайну, і тут важна заявіць, што гэта не самастойнае рашэнне дзяржавы, Беларусь не мае легітымнага кіраўніцтва, Беларусь не прымала такога рашэння, і таму палітычнае значэнне можа быць менавіта ў гэтым.
– Тым не менш, украінцы расплачваюцца крывёй за сваю незалежнасць, яны могуць нас папракнуць нас, беларусаў, маўляў, аддалі краіну без аднаго стрэлу?
– Украінцы папракаюць, дыскусія аб гэтым ідзе даўно. У дадзеным выпадку ў гісторыі па-рознаму бывала, каго можна яшчэ папракнуць? Умоўна Нарвегію, Данію, не будзем казаць пра Францыю, яна змагалася, але не доўга. У 39-40 годзе многія дзяржавы перад агрэсарам, скажам так, без адзінага стрэлу здаваліся. І яны былі прадстаўлены, як акупаваныя дзяржавы, нагледзячы на тое, што потым іх прамысловасць працавала на агрэсара, на Гітлера, ніхто гэтыя дзярждавы не ўспрымаў, як агрэсара. Мы самі сябе папракаем сто разоў, так, нам не ўдалося ў 20-м годзе, 21-м і тым больш раней скінуць аўтарытарнага кіраўніка, які пераўтварыўся ў таталітарны рэжым. Тое, што нас украінцы папракаюць – гэта з аднаго боку заканамерна, з іншага – гэта контрпрадуктыўна, гэта не мае ніякага сэнсу.
Дарэчы, пазіцыі ўкраінцаў у сацыяльных сетках змяніліся, калі з пачатку вайны, з 24 лютага, запісы былі больш эмацыйныя і абвінавачванні, то потым пазіцыя больш ураўнаважылася і апошнія дні такія салідныя прадстаўнікі ўкраінскага эстэблішмента, такія як Арэстовіч і Падаляк, як раз падкрэсліваюць, што яны аддзяляюць пазіцыю Расеі ад пазіцыі Беларусі, яны аддзядяюць пазіцыю расейскага народа ад пазіцыі беларускага народа, яны разумеюць, што беларусы змагаюцца, што ў беларусі ідзе партызанская, рэйкавая вайна, што беларусы выходзяць супраць вайны. Можа быць не ўсё, што могуць робяць, але не падтрымліваюць вайну. І тое, што беларусы не падтрымліваюць вайну, што падцверджана шматлікімі сацыялагічнымі дадзенымі, гэта становіцца зразумела і ўкраінцам.
Але заклік да прызнання Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй не пацягне за сабою нейкіх канкрэтных дзеянняў з боку Захаду – мяркуе журналіст.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя