Валерый Сляпухін: Дапамагаем беларусам і ўкраінскім бежанцам
Беларусы працягваюць актыўна ўключацца ў дапамогу ўкраінцам.
Так, гомельскі актывіст Валерый Сляпухін, які паспеў пажыць у Кіеве, а цяпер знаходзіцца ў Варшаве, па-ранейшаму займаецца дабрачыннасцю. Толькі цяпер яго дзейнасць скіраваная не толькі на падтрымку беларусаў, што з’ехалі з радзімы па палітычных прычынах, але і ўкраінскіх бежанцаў. “Я памятаю дзве яркія замалёўкі апошняга часу”, – прыгадвае мужчына ўласны досвед дапамогі ўкраінцам.
– Калі непасрэдна ездзілі на мяжу, завезлі туды гуманітарную дапамогу, там ужо забіралі людзей, падвозілі да бліжэйшых гарадоў, дапамагалі ў лагеры бежанцаў. Забралі двух дзяцей з мяжы і давезлі іх да Варшавы. Іншы яркі момант – гэта валанцёрскае дзяжурства на вакзале «Варшава Усходняя», дзе прыходзіла шмат цягнікоў з бежанцамі, і мы дапамагалі ім купляць білеты, падказвалі, як гэта зрабіць, перакладалі, тлумачылі, дзе можна купіць штосьці з ежы.
Валерый плануе працягваць дапамагаць беларусам і ўкраінцам, што пацярпелі ад вайны.
Акрамя таго, цяпер мужчына актыўна займаецца падрыхтоўкай мерапрыемстваў да Дня волі, якія пройдуць ужо на гэтых выходных.
Марына Савіцкая, Беларуске Радыё Рацыя