У Беларусі 10 новых палітвязняў
22 сакавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек.
Праваабаронцамі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Валерый Ларчык, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Раман Скапцоў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Мікалай Сасноўскі, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Сафонаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Віталь Маскалёў асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады і арт.364 за пагрозу прадстаўніку ўлады гвалтам (у каментары ў сацыяльнай сетцы выказаў мяркаванне, якое не змешчала прамых пагроз) да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Наталля Сцепанцова, асуджана па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Лобан, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетке па “справе Зельцара”;
- Віталь Марухленка, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетке па “справе Зельцара”.
- Андрэй Акушка, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт.368 і 369 за абразу А.Лукашэнка і прадстаўніка ўлады;
- Дзмітрый Качаноўскі, асуджаны па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўнай сімволікай і па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да трох гадоў адмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
Агулам у Беларусі прызнаны палітзняволеным ужо 1101 чалавек. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.