Сабор епіскапаў польскай праваслаўнай Царквы заклікаў улады Расейскай Федэрацыі спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне
Гэта першая такая пазіцыя ўсяго сінода епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы з пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Раней публікаваліся толькі адпаведныя заявы ардынарыяў асобных дыяцэзій, у тым ліку заклікі аб дапамозе для ўкраінцаў. Нядаўна ў СМІ з’явілася інфармацыя пра ліст, які кіраўнік Царквы ў Польшчы мітрапаліт Сава накіраваў маскоўскаму патрыярху Кірылу.
Святы Архіерэйскі Сабор Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (…) заклікае ўлады Расейскай Федэрацыі на чале з прэзідэнтам спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне, лічачы іх бязбожнымі і незразумелымі. Цяжка зразумець прычыны, па якіх два брацкія праваслаўныя і славянскія народы змагаюцца адзін з адным. Не будзем знішчаць тое, што пакінулі нам бацькі і маці, пачынаючы са святога князя Уладзіміра.
24 лютага 2022 года расейскія войскі нечакана ўварваліся на землі Украіны і пачалі ваенныя дзеянні. Гэта быў цяжкі час братазабойчых баёў, якія працягваюцца і сёння. У выніку было разбурана нармальнае жыццё грамадзян, гіне шмат нявінных людзей, ідзе дэградацыя царкоўнага і грамадскага жыцця. Разбураюцца матэрыяльныя каштоўнасці: храмы, помнікі, найважнейшая інфраструктура і жылыя будынкі – падкрэсліваюць польскія праваслаўныя біскупы.
Сінод таксама «выказаў падзяку» мітрапаліту Саве за ліст, раней адрасаваны Патрыярху Кірылу, з «заклікам паспрыяць спыненню ваенных дзеянняў, якія вядзе расейская армія ва Украіне, і выказаць сваю непрыязнасць да кровапраліцця». Таксама іерархі падзякавалі духавенству і вернікам за дапамогу бежанцам з Украіны.
(Паводле ПАП – польскага прэсавага агенцтва)