Дзясяты выпуск “Новага замку”



У Гародні свет пабачыў юбілейны, дзясяты выпуск літаратурнага альманаху “Новы замак”, які рэдагуе гарадзенскі пісьменнік Янка Трацяк.

Літаратурны альманах даволі разнастайны і цікавы. Ён адкрываецца паэтычнымі творамі Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Мечыслава Курыловіча, Алы Нікіфорскай, Віктара Сазонава, Галіны Самойла і Станіслава Судніка.

Даволі багатай у альманаху прадстаўлена проза. З цікавасцю чытачы прачытаюць творы Анатоля Брусевіча, Віктара Варанца, Валянціна Дубатоўкі, Міхася Зізюка, Паўла Каспяровіча, Янкі Трацяка, Уладзіміра Хільмановіча і іншых аўтараў.

Драматургіяй парадуюць чытачоў п’еса-трагедыя ў адным акце “Стэфан Баторый, альбо Кароткі шлях” Віктара Варанца і сучасная камедыя-фантасмагорыя “Банкамат для пенсіянераў” Сяргея Чыгрына.

З дакументальнай прозай у “Новым замку” выступілі Леанід Лаўрэш, Альжбета Кеда і Сяргей Чыгрын.

Пад рубрыкай “Спадчына” надрукаваны творы Юркі Голуба і Яўгена Корвіна. А сатыру і гумар прапанавалі пісьменнікі Іван Буднік, Уладзімір Васько, Янка Трацяк і Уладзімір Хільмановіч.

Ёсць у альманаху і дзіцячая літаратура. Міхась Зізюк напісаў апавяданне “Як шыпшына родную зямлю бараніла” і казку “Вызваленне з палону”, а Сяргей Чыгрын – падборку новых вершаў для юных чытачоў.

Да 75-годдзя з дня нараджэння гарадзенскага паэта Юркі Голуба, якога летась раптоўна не стала, напісалі ўспаміны і вершы, яму прысвечаныя, Аляксей Пяткевіч, Валянцін Дубатоўка, Рычард Бялячыц і Мікола Канановіч.

Ёсць у альманаху анатацыі новых кніг пісьменнікаў Гарадзеншчыны, хроніка літаратурных падзей 2021 года, і іншыя цікавыя матэрыялы.

Першая прэзентацыя новага выпуску “Новага замку” ужо адбылася ў Гародні, наступная – у Лідзе, а потым у іншых гарадах Гарадзеншчыны.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя